Дата стварэння: 28.12.2023 12:13:35
Дата змены: 19.06.2024 09:23:55
Партыза́нская брыга́да 8‑я Кругля́нская
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Круглянскага, Шклоўскага, Бялыніцкага раёнаў Магілёўскай вобласці, Крупскага раёна Мінскай вобласці і Талачынскага раёна Віцебскай вобласці.
У маі 1942 г. у Круглянскім раёне сустрэліся і пачалі дзейнічаць разам атрады «Сяргея» (С. Г. Жуніна, пазней атрад 36‑ы партызанскай брыгады 8‑й) і Д. А. Кулікава (пазней партызанскі атрад 8‑ы Магілёўскай вобласці). У размяшчэнне атрадаў 7 чэрвеня 1942 г. дэсантавалася аператыўная група штаба Заходняга фронту, якая 12 чэрвеня 1942 г. аб’яднала атрады «Сяргея», Д. А. Кулікава, Г. С. Місніка (пазней партызанскі атрад 24‑ы Магілёўскай вобласці) у т. зв. «Аб’яднанне атрадаў “Дзядзькі Сашы”», перайменаванае 8 кастрычніка 1942 г. у «Аб’яднаныя атрады Барысаўскага аператыўнага цэнтра» («Атрады БАЦ»), у красавіку 1943 г. — у брыгаду 8‑ю Круглянскую.
У брыгаду ўліліся: у ліпені 1942 г. — асобны атрад «Гая» (таксама атрад «Антона», пазней партызанскі атрад 30‑ы Магілёўскай вобласці), у жніўні — атрад А. А. Цярноўскага («Сашкі», пазней партызанскі атрад 28‑ы Магілёўскай вобласці), у кастрычніку — атрады П. А. Красякова і А. С. Нікітчанкі з партызанскай брыгады «Чэкіст» Магілёўскай вобласці (у далейшым атрады 12‑ы і 40‑ы), якія адбіліся ад асноўных сіл брыгады пры выхадзе з блакады. Усе атрады 31 кастрычніка 1942 г. атрымалі нумары. У красавіку 1943 г. брыгада ўвайшла ў Магілёўскую ваенна-аператыўную групу (абласную) пры Магілёўскім падпольным абкаме КП(б)Б. У ліпені 1943 г. атрад 40‑ы вернуты ў склад брыгады «Чэкіст» (у снежні 1943 разам з атрадам 12‑м перададзены партызанскай брыгадзе 8‑й).
Партызаны наносілі ўдары на чыгуначнай лініі Мінск — Орша, шашы Мінск — Магілёў. У чэрвені 1942 г. захапілі і знішчылі эшалон з боепрыпасамі, 28 жніўня 1942 г. атрады 36‑ы, 8‑ы, 24‑ы разграмілі чыгуначную станцыю Слаўнае на лініі Мінск — Орша ў Талачынскім раёне, разбурылі чыгуначнае палатно, спыніўшы рух больш чым на суткі (гл. Слаўненская аперацыя 1942 г.). Разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Дзянісавічы (цяпер Старыя Дзянісавічы) Крупскага раёна (29.9.1942), Шапялевічы (5.12.1942), Марцьянавічы (9.12.1942), Цяцерына (14.1.1943) Круглянскага раёна і інш. Партызаны вырваліся з акружэння ў час карнай аперацыі «Карлсбад», вялі абарончы бой каля в. Сомры Крупскага раёна (16.11.1942), баі з карнікамі ў лютым і сакавіку 1943 г. У час аперацыі «Рэйкавая вайна» 3 жніўня 1943 г. на ўчастку Слаўнае — Трацылава чыгункі Мінск — Орша падарвалі больш за 1 тыс. рэек.
Брыгада, у якой налічвалася каля 900 партызан, 11 жніўня 1943 г. была пераўтворана ў Круглянскую ваенна-аператыўную групу, куды ўвайшлі атрады 8‑ы, 12‑ы, 24‑ы, 28‑ы, 30‑ы, 36‑ы.
Камандзіры брыгады: А. А. Маршчынін, С. Г. Жунін; камісары: Д. А. Смагін, М. К. Сушкоў; начальнік штаба I. Г. Ільін.
Камандзіру брыгады С. Г. Жуніну прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.