Дата стварэння: 31.05.2024 11:17:46
Дата змены: 11.09.2024 14:59:29
Партыза́нскi атра́д 28‑ы
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Бярэзінскага і Круглянскага раёнаў Магілёўскай вобласці, Талачынскага раёна Віцебскай вобласці і Крупскага раёна Мінскай вобласці.
Створаны ў жніўні 1942 г. у партызанскай брыгадзе 8‑й Круглянскай Магілёўскай вобласці на базе ўзвода разведкі. Да 31 кастрычніка 1942 г. называўся атрад «Сашкі». З 14 жніўня 1943 г. — асобны атрад Круглянскай ваенна-аператыўнай групы.
Партызаны ў час аперацыі «Рэйкавая вайна» наносілі ўдары на чыгуначнай лініі Мінск — Орша: 3 жніўня 1943 г. на ўчастку Слаўнае — Трацылава ў Талачынскім раёне падарвалі больш за 220 рэек, а на ўчастку Красноўка — Бобр у Крупскім раёне 20 чэрвеня 1944 г. — больш за 300 рэек. У маі і жніўні 1943 г. удзельнічалі ў разгроме варожых гарнізонаў у вёсках Улужжа, Паўлавічы Круглянскага раёна і Шавярнічы Бярэзінскага раёна. Правялі засадныя баі каля вёсак Шапялевічы і Паўлавічы Круглянскага раёна 31 ліпеня і 21 жніўня 1943 г. У час злучэння з Чырвонай арміяй удзельнічалі ў баях з ворагам, які адступаў, каля в. Труханаўка Круглянскага раёна.
Партызану A. С. Лyкашэвічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Атрад (502 партызаны) злучыўся з Чырвонай арміяй 29 чэрвеня 1944 г.
Камандзіры атрада: А. А. Цярноўскі, I. П. Аляксандраў (загінуў), А. А. Інякін; камісары: Ф. С. Старавойтаў, Д. А. Кулікаў; начальнікі штаба: А. М. Якаўлеў, П. В. Зямкоў, В. У. Кадышаў.