Дата стварэння: 31.05.2024 11:18:12
Дата змены: 11.09.2024 14:59:29
Партыза́нскi атра́д 30‑ы
Дзейнічаў у час Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці, Крупскага раёна Мінскай вобласці і Талачынскага раёна Віцебскай вобласці.
Створаны ў маі 1942 г., калі аб’ядналіся партызанскія групы М. У. Дудкевіча, М. К. Сушкова і Г. М. Каўрыгі. У ліпені 1942 г. перайшоў з Талачынскага ў Круглянскі раён і быў уключаны ў склад партызанскай брыгады 8‑й Круглянскай Магілёўскай вобласці; 11 жніўня 1943 г. перададзены Круглянскай ваенна-аператыўнай групе. Да 31 кастрычніка 1942 г. называўся атрад «Антона», затым — 30‑ы. У лістападзе 1942 г. у яго ўліўся атрад А. А. Гурскага.
Партызаны ў верасні і снежні 1942 г. удзельнічалі ў разгроме варожых гарнізонаў у вёсках Дзянісавічы Крупскага і Шапялевічы Круглянскага раёнаў. Вялі баі з карнікамі, у т. л. 16 лістапада 1942 г. у в. Сомры Крупскага раёна. У час аперацыі «Рэйкавая вайна» наносілі ўдары на чыгуначнай лініі Мінск — Орша: 3 жніўня 1943 г. падарвалі больш за 100 рэек, а 20 чэрвеня 1944 г. на ўчастку Бобр (Крупскі раён) — Слаўнае (Талачынскі раён) — больш за 400 рэек. У час злучэння з Чырвонай арміяй удзельнічалі ў баях з ворагам, які адступаў, каля в. Труханаўка Круглянскага раёна.
Атрад (353 партызаны) злучыўся з Чырвонай арміяй 29 чэрвеня 1944 г.
Камандзіры атрада: М. У. Дудкевіч, А. I. Машчыцкі; камісары: М. К. Сушкоў, А. А. Гурскі; начальнікі штаба: Г. М. Каўрыга, М. У. Дудкевіч, М. М. Травін, Р. А. Стрыжэўскі, Д. П. Постнікаў.