pdf

ПАРТЫЗАНСКІ АТРАД 8-ы

Дата стварэння: 31.05.2024 11:18:43

Дата змены: 11.09.2024 14:59:46


Партыза́нскi атра́д 8‑ы

Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў Магілёўскай вобласці, Крупскага раёна Мінскай вобласці і Талачынскага раёна Віцебскай вобласці.

Створаны ў маі 1942 г. на базе групы І. В. Дзмітрыева — Д. А. Кулікова, якая дзейнічала з сакавіка ў Круглянскім раёне. З чэрвеня 1942 г. у партызанскай брыгадзе 8‑й Круглянскай Магілёўскай вобласці, са жніўня 1943 г. асобны атрад Круглянскай ваенна-аператыўнай групы Магілёўскай вобласці. Да 31 кастрычніка 1942 г. называўся атрад Д. А. Кулікова.

Партызаны праводзілі аперацыі на ўчастку чыгункі Талачын — Барысаў (лінія Мінск — Орша), на шашы Мінск — Магілёў; 28 жніўня 1942 г. удзельнічалі ў разгроме чыгуначнай станцыі Слаўнае ў Талачынскім раёне на лініі Мінск — Орша (гл. Слаўненская аперацыя 1942 г.), у верасні і снежні 1942 г., ліпені і верасні 1943 г. — варожых гарнізонаў у вёсках Дзянісавічы Крупскага, Шапялевічы Круглянскага, Алешкавічы Бялыніцкага раёнаў (гл. Бялыніцкія аперацыі 1943 г.). Вялі баі з карнікамі, у т. л. каля в. Сомры Крупскага раёна (16.11.1942). У час аперацыі «Рэйкавая вайна» 3 жніўня 1943 г. на ўчастку чыгункі Слаўнае — Трацылава на лініі Мінск — Орша падарвалі больш за 120 рэек, 20 чэрвеня 1944 г. на ўчастку Бобр — Слаўнае той жа лініі — больш за 400 рэек. У час злучэння з Чырвонай арміяй удзельнічалі ў баях з ворагам пры яго адступленні каля вёсак Круча і Старое Палессе Круглянскага раёна.

Атрад (565 партызан) злучыўся з Чырвонай арміяй 29 чэрвеня 1944 г., пасля чаго да 12 ліпеня 1944 г. партызаны разам з чырвонаармейцамі знішчалі варожыя групы ў тыле савецкіх войск.

Камандзіры атрада: Д. А. Кулікоў, I. Г. Ільін, М. А. Сакалоў; камісары: К. I. Мацеж, Ц. М. Кавецкі, М. Ф. Наваеў (загінуў), Ф. С. Старавойтаў; начальнікі штаба: К. І. Мацеж і А. М. Пратасевіч.