ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ П. К. ПАНАМАРЭНКІ, Мінскай вобласці, камандзір С. Р. Ганзенка
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ П. К. ПАНАМАРЭНКІ

Дата стварэння: 13.06.2024 09:27:44

Дата змены: 11.09.2024 14:52:01


Партыза́нская брыга́да імя́ П. К. Панамарэ́нкі

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Дзяржынскага і Мінскага раёнаў Мінскай вобласці, Івянецкага раёна Баранавіцкай вобласці.

Створана ў снежні 1943 г. паводле пастановы Баранавіцкага падпольнага абкама КП(б)‌Б на базе атрадаў імя С. М. Будзённага (арганізаваны ў чэрвені 1942) і імя П. К. Панамарэнкі (арганізаваны ў кастрычніку 1943), вылучаных партызанскай брыгадай імя I. В. Сталіна. У канцы снежня 1943 г. у брыгадзе арганізаваны атрады імя С. К. Цімашэнкі, імя М. М. Воранава, імя А. М. Васілеўскага, імя 25‑годдзя БССР.

У верасні 1943 г. атрад імя С. М. Будзённага разграміў апорны пункт у в. Красная Горка, на чыгуначным участку Фаніпаль — Койданава падарваў каля 180 рэек.

У чэрвені 1944 г. партызаны брыгады падарвалі 480 рэек, спалілі эшалон з ваеннай тэхнікай і прадуктамі. Правялі шмат адкрытых і засадных баёў, у т. л. у вёсках Путчына і Глушынцы Дзяржынскага раёна. У ліпені 1944 г. перарэзалі шлях адступлення разбітым нямецкім войскам у Налібоцкую пушчу, узаемадзейнічалі з падраздзяленнямі 348‑й стралковай дывізіі Чырвонай арміі.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 6 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя С. М. Будзённага, імя П. К. Панамарэнкі, імя 25‑годдзя БССР, імя С. К. Цімашэнкі, імя М. М. Воранава, імя А. М. Васілеўскага, у якіх змагаліся 752 партызаны.

Камандзір С. Р. Ганзенка, камісар Г. В. Будай, начальнік штаба У. М. Зыкаў.