Дата стварэння: 13.06.2024 09:28:19
Дата змены: 15.05.2025 15:22:25
Партыза́нская гру́па «Знішча́льнік»
Спецгрупа Народнага камісарыята дзяржаўнай бяспекі (НКДБ) СССР.
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Асіповіцкага, Бабруйскага, Клічаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці, Жлобінскага і Рагачоўскага раёнаў Гомельскай вобласці, Барысаўскага, Дзяржынскага, Мінскага, Пухавіцкага раёнаў Мінскай вобласці, Маладзечанскага раёна Вілейскай вобласці, Лідскага і Навагрудскага раёнаў Баранавіцкай вобласці.
Група ў складзе 23 чалавек сфарміравана 20 ліпеня 1943 г. у савецкім тыле з байцоў 1‑й асобнай гвардзейскай брыгады мінёраў. Перапраўлена 4 жніўня 1943 г. за лінію фронту ў Клічаўскі раён. На працягу сваёй дзейнасці папаўнялася мясцовым насельніцтвам. Дзейнічала на чыгуначных камунікацыях Магілёў — Жлобін, Мінск — Орша, Орша — Магілёў. Вясной 1944 г. спецгрупа перадыслацыравалася і дзейнічала ў Баранавіцкай вобласці.
Байцы групы пусцілі пад адхон 44 варожыя эшалоны, у т. л. браняпоезд, знішчылі і папсавалі 237 вагонаў і платформ, 7 аўтамашын, падарвалі мост цераз р. Уса, разбурылі 1 км чыгункі, больш за 3 км тэлефонна-тэлеграфных ліній.
Група злучылася з Чырвонай арміяй 7 ліпеня 1944 г., на той момант налічвала 55 чалавек.
Камандзіры: М. В. Карнілаў (загінуў), А. Н. Чычэнка.