Дата стварэння: 04.07.2024 09:48:14
Дата змены: 11.09.2024 14:59:13
Партыза́нская брыга́да імя́ ВЛКСМ
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Ушацкага і Чашніцкага раёнаў Віцебскай вобласці.
Створана ў лістападзе 1943 г. на базе асобных атрадаў: імя С. Г. Лазо, «Сібірак», «КІМ» (арганізаваных на Асобым Беларускім зборы), 2‑га (адразу пасля ўключэння ў склад брыгады расфарміраваны) і 4‑га (пазней імя М. Ф. Сільніцкага).
Партызаны рабілі дыверсіі на чыгунцы Полацк — Маладзечна, знішчылі ці пашкодзілі 14 эшалонаў, падарвалі больш за 1 тыс. рэек. У красавіку — маі 1944 г. удзельнічалі ў абароне Полацка-Лепельскай партызанскай зоны на рубяжы вёсак Асінаўка (Ушацкі раён) — Рабчонкі (Ушацкі pаён, цяпер Полацкі). Вялі баі супраць карнікаў у час карнай аперацыі «Веснавое свята».
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 2 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя С. Г. Лазо, «Сібірак», «КІМ», імя М. Ф. Сільніцкага, у якіх змагаліся 282 партызаны.
Камандзір брыгады I. А. Куксёнак, камісар Ф. І. Зайцаў, начальнік штаба М. П. Шчурын.
Брыгада ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Прарыў» у ліку 16 партызанскіх брыгад.