ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ Ф. Э. ДЗЯРЖЫНСКАГА, Брэсцкай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ Ф. Э. ДЗЯРЖЫНСКАГА

Дата стварэння: 04.07.2024 09:50:28

Дата змены: 11.09.2024 14:52:01

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ Ф. Э. ДЗЯРЖЫНСКАГА, Брэсцкай вобласці

Помнік на брацкай магіле ў гонар партызанскай брыгады імя Ф. Э. Дзяржынскага і воінаў Чырвонай арміі ў вёсцы Жытлін Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці.

Партыза́нская брыга́да імя́ Ф. Э. Дзяржы́нскага

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Бярозаўскага, Косаўскага раёнаў Брэсцкай вобласці, Целяханскага раёна Пінскай вобласці.

Створана ў снежні 1943 г. у адпаведнасці з загадам штаба Брэсцкага партызанскага злучэння на базе атрадаў: імя В. М. Молатава (арганізаваны ў красавіку 1942, у ліпені 1942 аб’яднаны з атрадам В. М. Манахава, які дзейнічаў з жніўня 1941; да кастрычніка 1942 меў назву атрад 112‑ы), імя М. І. Калініна (арганізаваны ў маі 1943) і імя М. Ф. Сільніцкага (арганізаваны ў жніўні 1943). Адначасова арганізаваны атрад імя А. П. Чарткова (названы ў гонар камандзіра атрада імя В. М. Молатава, які загінуў у баі ў кастрычніку 1943).

Партызаны вялі баі з ворагам, ратавалі мірнае насельніцтва ад загубы і вывазу на катаржныя работы ў Германію. Толькі ў ліпені — жніўні 1943 г. пусцілі пад адхон і пашкодзілі 20 эшалонаў, падарвалі 3 масты на чыгунках і 12 на шашэйных і грунтавых дарогах, 25 аўтамашын, разграмілі 5 варожых гарнізонаў, 3–16 красавіка 1944 г. вялі баі за выхад з блакады (гл. Здзітаўская абарона 1944 г.), удзельнічалі ў аперацыі «Рэйкавая вайна» на чыгуначным участку Бяроза — Івацэвічы.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 12 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя В. М. Молатава, імя М. Ф. Сільніцкага, імя А. П. Чарткова, імя М. І. Калініна, у якіх налічвалася 1040 партызан.

Камандзір брыгады В. М. Манахаў; камісар П. Р. Кавалёў; начальнікі штаба: Ф. М. Баранаў, А. Р. Жураўлёў.

У гонар брыгады ў в. Жытлін Івацэвіцкага pаёна Брэсцкай вобласці пастаўлены помнік.