Дата стварэння: 04.07.2024 09:58:07
Дата змены: 11.09.2024 14:31:28
Партыза́нская брыга́да імя́ К. К. Ракасо́ўскага
Дзейнічала ў час Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Слонімскага і Быценскага раёнаў Баранавіцкай вобласці.
Створана ў студзені 1944 г. загадам упаўнаважанага ЦК КП(б)Б і Беларускага штаба партызанскага руху па Баранавіцкай вобласці на базе асобных атрадаў імя П. К. Панамарэнкі (арганізаваны ў снежні 1942), імя Ф. Э. Дзяржынскага (арганізаваны ў жніўні 1943), імя І. В. Сталіна (арганізаваны ў снежні І943). Пры фарміраванні брыгады арганізаваны атрад імя К. К. Ракасоўскага (з часткі атрада імя Ф. Э. Дзяржынскага), у красавіку 1944 г. — атрад імя Д. А. Фурманава (з часткі атрада імя К. К. Ракасоўскага).
У лютым 1944 г. партызаны разграмілі некалькі гарнізонаў і апорных пунктаў ворага. Асноўныя ўдары наносілі па варожых камунікацыях на чыгуначных лініях Слонім — Баранавічы, Ліда — Баранавічы. Толькі ў сакавіку 1944 г. падарвалі 16 эшалонаў, знішчылі 2 масты, 15 аўтамашын. Вялі баі з праціўнікам, які спрабаваў уварвацца ў партызанскую зону.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 10 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя П. К. Панамарэнкі, імя Ф. Э. Дзяржынскага, імя І. В. Сталіна, імя К. К. Ракасоўскага, імя Д. А. Фурманава, у якіх налічвалася 808 партызан.
Камандзір брыгады Я. А. Прыданнікаў, камісар Р. Ц. Вараб’ёў, начальнік штаба М. П. Каралёў.