Дата стварэння: 09.07.2024 14:50:09
Дата змены: 27.02.2025 16:12:35
Прыга́нінскі бой 1943 г.
Бой партызанскіх атрадаў 5‑га, 10‑га, асобных падраздзяленняў атрадаў 1‑га і 20‑га Шклоўскай ваенна-аператыўнай групы (Шклоўскай ВАГ) у Вялікую Айчынную вайну супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у в. Прыгані Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці 3 кастрычніка 1943 г.
Прыганінскі гарнізон (каля 90 гітлераўцаў, узброеных мінамётам, двума кулямётамі, аўтаматамі і вінтоўкамі) меў у сістэме абароны 4 дзоты, падыходы да якіх былі перакрыты загародамі з калючага дроту. Прамы штурм гарнізона не гарантаваў поспеху бою. Таму партызаны вырашылі ўжыць ваенную хітрасць.
Група партызан (80 чалавек) на чале з начальнікам штаба Шклоўскай ВАГ Р. М. Севасцьянавым пераапранулася ў форму нямецкіх салдат і разам з абозам бесперашкодна ўвайшла ў вёску, пранікла ў 3 дзоты і знішчыла гітлераўцаў. Гарнізон апошняга 4‑га дзота быў узяты пасля жорсткай схваткі. У выніку бою гарнізон быў поўнасцю разгромлены, захоплена ўсё яго ўзбраенне, склады з боепрыпасамі і харчаваннем, статак кароў, якіх акупанты канфіскавалі ў навакольных вёсках. Партызаны страцілі чатырох чалавек забітымі, 9 чалавек было паранена.