pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА «УПЕРАД»

Дата стварэння: 09.07.2024 16:55:31

Дата змены: 02.06.2025 11:15:15


Партыза́нская брыга́да «Упе́рад»

Спецбрыгада Народнага камісарыята дзяржаўнай бяспекі (НКДБ) СССР.

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Добрушскага, Чачэрскага, Кармянскага, Рагачоўскага і Свяцілавіцкага раёнаў Гомельскай вобласці, Касцюковіцкага, Краснапольскага, Крычаўскага, Прапойскага, Хоцімскага, Чавускага і Чэрыкаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці БССР і ў Клятнянскім раёне Арлоўскай вобласці РСФСР.

Цераз лінію фронту 21 красавіка 1942 г. у варожы тыл была перапраўлена разведвальна-дыверсійная група П. Р. Шамякіна, якая налічвала 30 чалавек. На тэрыторыі Арлоўскай вобласці да групы далучыліся рэшткі рассеянага карнікамі Мглінскага партызанскага атрада, узбуйненая група была перайменавана ў атрад «Уперад». У жніўні 1942 г. да яго далучыліся партызанскі атрад 124‑ы Касцюковіцкі і партызанскі атрад 2‑і Хоцімскі (з лета 1943 абодва атрады зноў дзейнічалі самастойна), атрады папоўніліся мясцовым насельніцтвам і іх аб’яднанне было пераўтворана ў партызанскую брыгаду (дакладная дата стварэння брыгады не задакументавана).

Партызаны пусцілі пад адхон 101 эшалон ворага, знішчылі і папсавалі 77 паравозаў, 1 180 вагонаў і платформ, 75 аўтамашын, 5 самалётаў, 39 танкаў і бронемашын, параход і 2 баржы, узарвалі 23 склады, 38 мастоў, сапсавалі 59 км чыгуначнага пуці і 9 км тэлеграфна-тэлефоннай лініі. У баі 4 ліпеня 1943 г. разам з партызанскім атрадам «Слаўны» знішчылі 50 гітлераўцаў, 5 грузавых і адну легкавую аўтамашыны, 2 гарматы, 2 мінамёты, захапілі зброю. Перадавалі камандаванню Чырвонай арміі звесткі разведкі. Разам з часцямі Чырвонай арміі партызаны 29 верасня 1943 г. разграмілі варожую калону, захапілі 300 падвод, 5 аўтамашын з боепрыпасамі, 7 самаходных гармат, 3 гарматы, 4 мінамёты і інш.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 1 кастрычніка 1943 г., на той момант у ёй налічвалася 411 чалавек.

Камандзіры брыгады: П. Р. Шамякін, П. Г. Малюгін; камісар П. Г. Малюгін; начальнік штаба М. А. Шульгін.