Дата стварэння: 20.08.2024 15:38:09
Дата змены: 10.07.2025 14:29:16
Партыза́нская брыга́да 1‑я Белару́ская 2‑га складу
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Сенненскага і Лепельскага раёнаў Віцебскай вобласці і Халопеніцкага раёна Мінскай вобласці.
Створана ў верасні 1943 г. на базе вылучанага ў ліпені 1943 г. з партызанскай брыгады 1‑й Беларускай 1‑га складу атрада А. Д. Гурко (былы атрад А. П. Дзіка, створаны ў лютым 1942). Пры фарміраванні брыгады арганізаваны атрады 1‑ы і 2‑і, у красавіку 1944 г. — атрад 3‑і.
Партызаны рабілі дыверсіі на дарогах Халопенічы — Лепель, Халопенічы — Сянно, Халопенічы — Крупкі, Лепель — Барысаў. У сакавіку 1944 г. знішчылі варожы ахоўны пункт моста цераз р. Эса на дарозе Халопенічы — Сянно. У маі — чэрвені 1944 г. у час карнай аперацыі «Баклан» удзельнічалі ў абароне Сенненска-Аршанскай партызанскай зоны, з баямі выйшлі з акружэння, захапілі мост цераз р. Эса і ўтрымлівалі да падыходу савецкіх войск.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 28 чэрвеня 1944 г., на той момант уключала атрады 1‑ы, 2‑і, 3‑і, налічвала 538 партызан.
Камандзіры брыгады: А. Д. Гурко, Р. У. Шкрэда; камісар Р. У. Шкрэда; начальнік штаба М. М. Бальшакоў.