ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 1-я СМАЛЕНСКАЯ, Смаленскай і Віцебскай абласцей
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 1‑я СМАЛЕНСКАЯ

Дата стварэння: 20.08.2024 15:38:42

Дата змены: 10.07.2025 14:29:16


Партыза́нская брыга́да 1‑я Смале́нская

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Духаўшчынскага і Руднянскага раёнаў Смаленскай вобласці РСФСР, Сенненскага, Талачынскага, Чашніцкага, Лепельскага раёнаў Віцебскай вобласці, Халопеніцкага і Крупскага раёнаў Мінскай вобласці БССР.

Створана ў сакавіку 1942 г. у Смаленскай вобласці пад назвай 1‑ы партызанскі батальён на базе груп, якія дзейнічалі на тэрыторыі Духаўшчынскага, Слабадскога і Дзямідаўскага раёнаў. У маі батальён перайменаваны ў партызанскую брыгаду 1‑ю, у якую ўваходзілі атрады 1‑ы, 2‑і, 3‑і, 4‑ы, 5‑ы, 6‑ы. У чэрвені частка атрадаў (1‑ы, 3‑і, 6‑ы) вылучана для арганізацыі партызанскай брыгады 3‑й, астатнія (2‑і, 4‑ы, 5‑ы) былі перанумараваны (адпаведна ў 1‑ы, 2‑і і 3‑і). У чэрвені 1943 г. арганізаваны новы атрад 4‑ы, у ліпені 1943 г. — атрад 5‑ы, у кастрычніку 1943 г. — атрад 6‑ы.

Брыгада са жніўня 1942 г. дзейнічала ў Духаўшчынскім раёне, у кастрычніку выходзіла ў савецкі тыл, дзе была папоўнена людзьмі і ўзбраеннем, пасля чаго вярнулася за лінію фронту. У кастрычніку — лістападзе 1942 г. у час карнай экспедыцыі праціўніка частка атрадаў брыгады рассеяна, астатнія ў канцы лістапада выйшлі ў савецкі тыл, дзе брыгаду стварылі нанава. У лютым 1943 г. брыгада, у складзе якой было 134 партызаны, зноў перайшла лінію фронту і са жніўня 1943 г. дзейнічала як 1‑я Смаленская на тэрыторыі Віцебскай вобласці, падначальвалася Беларускаму штабу партызанскага руху.

Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгунках Смаленск — Віцебск, Віцебск — Орша, Смаленск — Орша і на аўтамабільных дарогах, нападалі на варожыя гарнізоны ў в. Карабанава і пас. Галынкі Руднянскага раёна Смаленскай вобласці (люты 1943), у в. Вадапоева Бешанковіцкага (кастрычнік 1943), Старая Пярэсіка (лістапад 1943) і Чараёўка (сакавік 1944) Халопеніцкага, Забор’е Лепельскага (люты 1944) раёнаў. У красавіку — чэрвені 1944 г. партызаны вялі баі супраць карнікаў у раёне шашы Лепель — Барысаў. У час наступлення Чырвонай арміі байцы брыгады аднавілі 6 мастоў на дарозе Лукомль — Вялікія Хальнявічы.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 26 чэрвеня 1944 г., на той момант уключала атрады 1‑ы, 3‑і, 4‑ы (2‑га складу), 5‑ы і 6‑ы, налічвала 390 партызан.

Камандзіры брыгады: Ф. Я. Апрэтаў (загінуў), А. I. Яўстратаў, М. П. Пятровічаў, У. I. Цалішчэўскі; камісары: А. Р. Багдановіч, М. П. Пятровічаў, I. X. Вайзулін; начальнікі штаба: А. І. Яўстратаў, Д. М. Несцераў (выконваў абавязкі), А. В. Прусакоў (выконваў абавязкі), С. Д. Жылін.