ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 2-я БЕЛАРУСКАЯ ІМЯ П. К. ПАНАМАРЭНКІ, 2-га складу, Віцебскай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 2‑я БЕЛАРУСКАЯ ІМЯ П. К. ПАНАМАРЭНКІ

Дата стварэння: 20.08.2024 15:39:16

Дата змены: 21.08.2025 11:09:54


Партыза́нская брыга́да 2‑я Белару́ская імя́ П. К. Панамарэ́нкi 2‑га складу

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Бешанковіцкага, Талачынскага, Чашніцкага раёнаў Віцебскай вобласці і Крупскага раёна Мінскай вобласці.

Створана ў верасні 1943 г. па ўказанні Цэнтральнага камітэта КП(б)‌Б і Беларускага штаба партызанскага руху на базе ініцыятыўнай групы М. І. Дзячкова; пры фарміраванні брыгады арганізаваны атрады 1‑ы, 2‑і і 3‑і, у кастрычніку 1943 г. — атрад 4‑ы, у лістападзе 1943 г. — атрад 5‑ы.

Партызаны брыгады наносілі ўдары па ворагу на аўтамабільных дарогах Бешанковічы — Лепель, Чашнікі — Бешанковічы, Чашнікі — Сянно, Коханава — Абольцы і інш. У сакавіку 1944 г. сумесна з 1‑м атрадам брыгады М. П. Гудкова разграмілі варожы гарнізон у в. Шэйка Крупскага раёна. У маі — чэрвені 1944 г. брыгада ўдзельнічала ў абароне Сенненска-Аршанскай партызанскай зоны і прарыве блакады; напярэдадні злучэння з савецкімі войскамі рамантавалі дарогі, вылучылі праваднікоў у раён баявых дзеянняў, удзельнічалі ў ліквідацыі варожых груп.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 27 чэрвеня 1944 г., на той момант уключала атрады 1‑ы, 2‑і, 3‑і, 4‑ы і 5‑ы; у іх змагаліся 394 партызаны.

Камандзір брыгады М. I. Дзячкоў, начальнік штаба Р. А. Махоткін.