Дата стварэння: 20.08.2024 15:39:29
Дата змены: 15.05.2025 15:21:54
Партыза́нская брыга́да імя́ В. I. Чапа́ева
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Антопальскага і Кобрынскага раёнаў Брэсцкай вобласці (Антопальскі раён скасаваны ў 1959, тэрыторыя падзелена паміж Драгічынскім і Кобрынскім раёнамі).
Створана ў студзені 1944 г. на базе атрада імя В. І. Чапаева (арганізаваны ў красавіку 1942 на базе груп, якія дзейнічалі з ліпеня 1941, са жніўня 1942 дзейнічаў асобнымі групамі пад агульнай назвай «Чапаеўскія», зноў аб’яднанымі ў атрад у ліпені 1943), адначасова атрад быў разбуйнены, з вылучанага ім асабовага саставу сфарміраваны атрады імя І. І. Арлова (камандзір атрада імя В. І. Чапаева, загінуў у баі ў красавіку 1943), імя І. П. Паставалава (камандзір атрада імя В. І. Чапаева, загінуў у баі ў жніўні 1943), імя Г. М. Малянкова.
У 1943 г. атрад імя В. І. Чапаева знішчыў 7 варожых апорных пунктаў, 11 нямецкіх сельскагаспадарчых маёнткаў.
Партызаны брыгады ў лютым — маі 1944 г. правялі 32 дыверсіі на чыгуначным участку Кобрын — Івацэвічы на лініі Брэст — Баранавічы, знішчылі 22 варожыя аўтамашыны, 7 мастоў на шашэйных дарогах, у чэрвені 1944 г. падарвалі 940 рэек, вялі баі з ворагам, які спрабаваў уварвацца ў зону дыслакацыі брыгады.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 19 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя В. І. Чапаева, імя І. І. Арлова, імя І. П. Паставалава, імя Г. М. Малянкова, у якіх налічвалася 886 партызан.
Камандзіры брыгады: К. С. Гапасюк, Ф. М. Баранаў; камісары: М. П. Леановіч, М. С. Карпічэнка; начальнікі штаба: I. П. Курапаў, В. В. Сцёпкін.