Дата стварэння: 20.08.2024 15:40:54
Дата змены: 22.08.2025 11:30:19
Партыза́нскі атра́д імя́ С. М. Будзённага
Дзейнічаў у Вялікую Айчынную вайну на акупіраванай тэрыторыі Антопальскага і Бярозаўскага раёнаў Брэсцкай вобласці.
У кастрычніку 1941 г. на акупіраванай тэрыторыі Польшчы ў раёне г. Бяла-Падляска савецкія ваеннаслужачыя, якія ўцяклі з палону, стварылі партызанскую групу на чале з Г. В. Шацковым (пазней яе ўзначаліў А. Р. Жураўлёў). Вясной 1942 г. група перайшла ў Косаўскі раён Брэсцкай вобласці, у жніўні 1942 г. увайшла як 56‑я група ў асобны атрад імя М. А. Шчорса. У красавіку 1943 г. разгорнута ў самастойны атрад імя С. М. Будзённага.
Асноўныя баявыя дзеянні партызаны праводзілі на чыгуначных участках Брэст — Баранавічы і Брэст — Пінск. У жніўні — кастрычніку 1943 г. і чэрвені 1944 г. падарвалі больш за 430 рэек, удзельнічалі ў разгроме апорнага пункта ў в. Пе́скі, гарнізона ў г. п. Антопаль. У красавіку 1944 г. вялі абарончыя баі ў Бярозаўскім раёне. Пад аховай атрада былі 3 сямейныя лагеры (893 мясцовыя жыхары).
Атрад (209 партызан) злучыўся з Чырвонай арміяй 1 жніўня 1944 г.
Камандзіры: А. Р. Жураўлёў, К. Е. Мерзлякоў; камісары: П. Р. Кавалёў, I. Я. Адаменка, П. К. Каламейцаў; начальнікі штаба: К. Е. Мерзлякоў, Г. В. Шацкоў.