Дата стварэння: 22.08.2024 15:20:42
Дата змены: 10.07.2025 14:29:22
Партыза́нская брыга́да «За Радзі́му»
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Шаркаўшчынскага, Маладзечанскага, Відзаўскага (Відзскага) і Браслаўскага раёнаў Вілейскай вобласці.
Створана ў верасні 1943 г. на базе асобных атрадаў П. М. Шырокава (дзейнічаў з лістапада 1942), А. Ф. Ячмянёва (арганізаваны ў маі 1943), У. Ц. Антонава і I. Ф. Бандарэнкі (абодва арганізаваны ў верасні 1943), якія 26 студзеня 1944 г. былі перайменаваны адпаведна ў атрады імя А. А. Жданава, імя К. Я. Варашылава, імя С. М. Кірава і імя В. М. Молатава. У красавіку 1944 г. арганізаваны атрад імя В. У. Куйбышава.
Восенню 1943 г. партызаны разграмілі варожы гарнізон у в. Бірвіта (паводле дакументаў — Бірута) Пастаўскага pаёна, спалілі 38 мастоў. У студзені 1944 г. узарвалі электрастанцыю і млын у в. Чырвоны Двор Шаркаўшчынскага раёна, знішчылі аўтагараж з 17 аўтамашынамі і 16 матацыкламі, 2 склады ў г. Даўгаўпілс. У чэрвені 1944 г. падарвалі 580 рэек. Вялі баі з гітлераўцамі пры адступленні варожых войск у Браслаўскім раёне.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 2 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя А. А. Жданава, імя К. Я. Варашылава, імя С. М. Кірава, імя В. М. Молатава, імя В. У. Куйбышава, у якіх налічвалася 495 партызан.
Камандзіры брыгады: П. М. Шырокаў, М. У. Кандрашчанка; камісар Ф. К. Акулаў; начальнікі штаба: А. А. Дзюжэнка, К. I. Капцюгоў.