Дата стварэння: 12.04.2023 10:33:06
Дата змены: 11.09.2024 15:08:53
Бабру́йскія вайско́выя злучэ́нні i ча́сці
За вызваленне г. Бабруйск (29.6.1944) у ходзе Бабруйскай аперацыі 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны загадам Вярхоўнага галоўнакамандуючага ад 5 ліпеня 1944 г. ганаровае найменне «Бабруйскія» прысвоена 20 часцям і злучэнням 3‑й, 48‑й і 65‑й армій, 16‑й паветранай арміі і Дняпроўскай ваеннай флатыліі 1‑га Беларускага фронту.
Часці і злучэнні, якім нададзена ганаровае найменне «Бабруйскія»: 9‑ы танкавы корпус (генерал-маёр Б. С. Бахараў); 3‑і бамбардзіровачны (генерал-маёр авіяцыі А. З. Каравацкі) і 8‑ы знішчальны (генерал-лейтэнант авіяцыі А. С. Асіпенка) авіяцыйныя карпусы; 17‑я (падпалкоўнік А. П. Лукін), 108‑я (генерал-маёр П. А. Церамаў), 137‑я (генерал-маёр Ф. М. Жабраў), 250‑я (генерал-маёр I. В. Мохін) і 348‑я (генерал-маёр М. А. Нікіцін) стралковыя дывізіі; 8‑я мотастралковая брыгада (падпалкоўнік П. I. Трушкін); 115‑я асобная стралковая брыгада (палкоўнік А. М. Волкаў); 95‑я (палкоўнік А. I. Кузняцоў) і 108‑я (падпалкоўнік В. Н. Баранюк) танкавыя брыгады; 1‑я брыгада рачных караблёў (капітан 2‑га рангу С. М. Лялько); 42‑і асобны танкавы полк (падпалкоўнік С. I. Тыдэман); 922‑i (падпалкоўнік А. В. Сакалоў) і 1897‑ы (падпалкоўнік М. П. Рыжанаў) самаходныя артылерыйскія палкі; 311‑ы (палкоўнік I. Д. Меркулаў) і 313‑ы (падпалкоўнік Д. Н. Арлоў) гвардзейскія мінамётныя палкі; 66‑ы асобны полк сувязі (падпалкоўнік Б. П. Жукаў); 2‑і гвардзейскі дывізіён бранякатараў (капітан 3‑га рангу А. I. Пяскоў).
Войскам, якія ўдзельнічалі ў баях за вызваленне Бабруйска, загадам Вярхоўнага галоўнакамандуючага ад 29 чэрвеня 1944 г. аб’яўлена падзяка, у Маскве дадзены салют 20 артылерыйскімі залпамі з 224 гармат.