Дата стварэння: 12.04.2023 10:37:18
Дата змены: 01.03.2024 10:19:25
Беласто́цкія вайско́выя злучэ́нні i ча́сці
За вызваленне г. Беласток (27.7.1944) у перыяд Беластоцкай аперацыі 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны ганаровае найменне «Беластоцкія» загадам Вярхоўнага Галоўнакамандавання ад 9 жніўня 1944 г. нададзена 24 злучэнням і часцям 3‑й і 4‑й паветранай армій 2‑га Беларускага фронту.
Часці і злучэнні, якім нададзена ганаровае найменне «Беластоцкія»: 343‑я стралковая дывізія (генерал-маёр А. I. Якімовіч); 4‑я гвардзейская мінамётная брыгада (палкоўнік М. М. Карыцька); 334‑ы (падпалкоўнік I. I. Савельеў), 336‑ы (палкоўнік I. С. Бяляеў) і 339‑ы (палкоўнік С. Н. Дзяменнікаў) гвардзейскія стралковыя палкі; 336‑ы (падпалкоўнік А. Ф. Кузоўкін), 457‑ы (падпалкоўнік I. В. Фралоў), 556‑ы (падпалкоўнік П. В. Качур), 858‑ы (маёр I. В. Жыжка), 1018‑ы (палкоўнік В. М. Бічан), 1078‑ы (падпалкоўнік М. А. Гімельфорб) і 1170‑ы (палкоўнік С. М. Чарнаўцаў) стралковыя палкі; 40‑ы інжынерна-танкавы полк (палкоўнік М. В. Матачкін); 510‑ы асобны агнямётны танкавы полк (падпалкоўнік Г. В. Сіткаў); 1812‑ы (маёр Р. А. Плаксін) і 1901‑ы (падпалкоўнік Т. Ф. Зірка) самаходныя артылерыйскі палкі; 56‑ы гаўбічны (падпалкоўнік У. М. Вайцахоўскі), 310‑ы гвардзейскі (падпалкоўнік А. А. Каграманян), 593‑і армейскі знішчальна-процітанкавы (падпалкоўнік П. А. Анішкін) і 1284‑ы армейскі зенітны (падпалкоўнік А. М. Маскалёў) артылерыйскія палкі; 540‑ы армейскі мінамётны полк (маёр М. М. Раманаў); 16‑ы начны бамбардзіровачны (маёр В. I. Жыгаркоў), 172‑і знішчальны (падпалкоўнік М. I. Алабан) і 312‑ы штурмавы (маёр В. М. Рубцоў) авіяцыйныя палкі.
Войскам, якія ўдзельнічалі ў баях за вызваленне Беластока, загадам Вярхоўнага галоўнакамандуючага ад 27 ліпеня 1944 г. аб’яўлена падзяка, у Маскве дадзены салют 20 артылерыйскімі залпамі з 224 гармат.