pdf

БРЭСЦКА-БЕРЛІНСКАЯ МАТАРЫЗАВАНАЯ ІНЖЫНЕРНАЯ БРЫГАДА

Дата стварэння: 12.04.2023 10:38:04

Дата змены: 11.09.2024 16:10:51


Брэ́сцка-Берлі́нская матарызава́ная інжыне́рная брыга́да

Брэсцка-Берлінская гвардзейская матарызаваная інжынерная Чырванасцяжная ордэнаў Суворава і Кутузава брыгада.

Сфарміравана ў чэрвені 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны на Паўднёва-Заходнім фронце як 16‑я інжынерная брыгада спецыяльнага прызначэння. Уваходзіла ў склад войск Сталінградскага, Данскога і Цэнтральнага франтоў. Удзельнічала ў Сталінградскай бітве. За баявыя заслугі рэарганізавана (1.4.1943) у 1‑ю гвардзейскую асобную інжынерную брыгаду спецыяльнага прызначэння. Удзельнічала ў Курскай бітве і вызваленні Левабярэжнай Украіны.

У канцы 1943 — пачатку 1944 г. пры вызваленні ўсходніх раёнаў БССР забяспечвала баявыя дзеянні войск Беларускага і 1‑га Беларускага франтоў: вяла інжынерныя работы, рабіла праходы ў мінных палях, рыхтавала маршруты руху. Пасля перафарміравання (22.5.1944) у 1‑ю гвардзейскую матарызаваную інжынерную брыгаду ўдзельнічала ў Беларускай аперацыі 1944 г., дзе вызначылася пры вызваленні г. Брэст, за што ёй было нададзена ганаровае найменне «Брэсцкая» (10.8.1944). Забяспечвала наступленне войск у Люблін-Брэсцкай, Варшаўска-Пазнанскай і Берлінскай аперацыях. Удастоена ганаровага наймення «Берлінская» (11.6.1945).

За час вайны 7 487 воінаў брыгады ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, аднаму воіну прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Камандзір брыгады — генерал-маёр М. Ф. Іофэ.


Літаратура
  1. Гречко А. А. Брестско-Берлинская моторизованная инженерная бригада // Советская военная энциклопедия в 8 т. Т. 1: А—Бюро / Редкол.: А. А. Гречко (председатель) [и др.]. – Москва: Военное издательство Министерства обороны СССР, 1976.

  2. Бутко А. С. Мины у Бранденбургских ворот. – Омск: Кн. изд-во, 1992.

  3. Харченко В. К. ...Специального назначения. – Москва: Военное издательство Министерства обороны СССР, 1973.

  4. Великая Отечественная война 1941–1945: энциклопедия / Редкол.: М. М. Козлов (глав. ред.) [и др.]. – Москва: Советская энциклопедия, 1985.

  5. Малиновский Г. В. Бригады инженерных войск / под общ. ред. Н. И. Сердцева. – Москва: Патриот, 2005