БРЭСЦКА-ТОЦКА-ПАМЕРАНСКАЯ ГАЎБІЧНАЯ АРТЫЛЕРЫЙСКАЯ БРЫГАДА
pdf

БРЭСЦКА-ТОЦКА-ПАМЕРАНСКАЯ ГАЎБІЧНАЯ АРТЫЛЕРЫЙСКАЯ БРЫГАДА

Дата стварэння: 12.04.2023 10:38:17

Дата змены: 11.09.2024 16:10:51


Брэ́сцка-То́цка-Памера́нская га́ўбiчная артылеры́йская брыга́да

Брэсцка-Тоцка-Памеранская гаўбiчная артылерыйская Чырванасцяжная двойчы ордэна Багдана Хмяльніцкага, тройчы ордэна Аляксандра Неўскага брыгада.

Сфарміравана ў кастрычніку 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны на базе 135‑га Тоцкага гаўбічнага артылерыйскага палка як 63‑я гаўбічная артылерыйская брыгада. У яе склад увайшлі 135‑ы, 236‑ы і 278‑ы палкі.

Упершыню ўдзельнічала ў баі 11 лістапада 1943 г. пад г. Гомель. У складзе 22‑й артылерыйскай дывізіі прарыву рэзерву галоўнага камандавання 48‑й арміі на Беларускім і 1‑м Беларускім франтах вяла баі за вызваленне гарадоў Мазыр, Калінкавічы, Бабруйск і Баранавічы. Вызначылася ў баях пры вызваленні г. Брэст у перыяд Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944 г., за што была ўдастоена ганаровага наймення «Брэсцкая» (10.8.1944).

Удзельнічала ў вызваленні Польшчы і ў Берлінскай аперацыі. Поўнае найменне брыгада атрымала за баявыя ўзнагароды і па ганаровых найменнях палкоў, якія ўваходзілі ў яе склад. За час вайны 3 381 воін брыгады ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР.

Брыгадай камандавалі: палкоўнік Ф. Ф. Званарэнка (кастрычнік — снежань 1943), палкоўнік А. I. Юргелевіч (снежань 1943 — люты 1944), падпалкоўнік Р. М. Курасаў (люты — май 1944), палкоўнік К. А. Папа (май — лістапад 1944), палкоўнік I. М. Вахрамееў (лістапад 1944 — сакавік 1945), палкоўнік Я. А. Ахатрын (сакавік — май 1945).