Дата стварэння: 12.04.2023 10:38:31
Дата змены: 06.08.2024 10:10:58
Брэ́сцкі стралко́вы ко́рпус
Брэсцкі гвардзейскі стралковы Чырванасцяжны ордэна Кутузава корпус.
Сфарміраваны ў чэрвені 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны ў Калужскай вобласці (Расія) на базе 12‑й гвардзейскай стралковай дывізіі як 9‑ы гвардзейскі стралковы корпус. З ліпеня 1942 г. і да канца вайны быў у складзе шэсцьдзясят першай арміі.
У канцы 1943 — пачатку 1944 г. вёў баі па захопе і пашырэнні плацдарма на р. Дняпро. У складзе Беларускага фронту ўдзельнічаў у Калінкавіцка-Мазырскай аперацыі 1944 г. Часці корпуса сумесна з іншымі злучэннямі 14 студзеня 1944 г. вызвалілі г. Калінкавічы. У складзе войск 1‑га Беларускага фронту ўдзельнічаў у Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944 г. і вызначыўся ў баях за г. Брэст, за што быў удастоены ганаровага наймення «Брэсцкі» (10.8.1944).
У складзе войск 3‑га і 1‑га Прыбалтыйскіх франтоў удзельнічаў у вызваленні Рыгі і блакіроўцы варожай групоўкі на Курляндскім паўвостраве. У складзе 1‑га Беларускага фронту часці корпуса ўдзельнічалі ў Варшаўска-Пазнанскай, Усходне-Памеранскай і Берлінскай аперацыях.
За час вайны 15 537 воінаў корпуса ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, 194 з іх прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Корпусам камандавалі: генерал-маёр М. I. Кірухін (чэрвень — кастрычнік 1942), палкоўнік П. Я. Пачэма (кастрычнік — лістапад 1942), генерал-маёр А. А. Барэйка (лістапад 1942 — люты 1944), генерал-маёр М. С. Пасякін (4–11.2.1944), генерал-маёр М. А. Папоў (люты — ліпень 1944), генерал-лейтэнант Р. А. Халюзін (ліпень 1944 — красавік 1945), генерал-лейтэнант А. Д. Шамянкоў (красавік — май 1945).