pdf

ДНЯПРОЎСКА-БУГСКАГА КАНАЛА АБАРОНА 1944 г.

Дата стварэння: 12.04.2023 11:12:11

Дата змены: 01.11.2024 14:43:49

Дняпро́ўска-Бу́гскага кана́ла абаро́на 1944 г. 

Абарона фарміраваннямі Брэсцкага і Пінскага партызанскіх злучэнняў Дняпроўска-Бугскага канала ў лютым — сакавіку 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

У выніку паспяховага наступлення ў студзені 1944 г. войск Беларускага і правага флангу 1‑га Украінскага франтоў на ковельска-брэсцкім напрамку лінія фронту да лютага 1944 г. наблізілася да паўднёвых раёнаў Брэсцкай вобласці, дзе да гэтага часу знаходзілася вялікая групоўка партызанскіх сіл, якая ўтрымлівала тэрыторыю паміж ракой Прыпяць і Дняпроўска-Бугскім каналам. Камандаванне групы нямецкіх армій «Цэнтр» асцерагалася злучэння перадавых часцей Чырвонай арміі з партызанамі і выхаду іх да Дняпроўска-Бугскага канала, чыгункі і шашы Лунінец — Брэст і вырашыла ачысціць гэты раён ад партызан, аднавіць паралізаванае партызанамі суднаходства па канале, прадухіліць новыя дыверсіі на камунікацыях і арганізаваць рубяжы абароны на рэках Прыпяць і Стаход. З гэтай мэтай праціўнік пачаў сцягваць у раён Брэст — Кобрын — Пінск вялікія армейскія сілы. Да пачатку лютага гітлераўцы занялі ўсе населеныя пункты, якія прылягалі да канала з поўначы, у т. л. вёскі Селішча, Ляхавічы, Кублік, Белін, Адамова Драгічынскага раёна, Журавок і іншыя населеныя пункты Іванаўскага pаёна, і сталі рыхтавацца да наступлення на в. Дзівін, каб захапіць аэрадром у в. Сварынь Дзівінскага pаёна і знішчыць партызанскія сілы.

Паводле распараджэння Беларускага штаба партызанскага руху ў лютым 1944 г. у паўднёвых раёнах Брэсцкай вобласці для барацьбы з карнікамі была арганізавана часовая групоўка партызанскіх сіл Паўднёвай зоны, якая налічвала каля 6 тыс. партызан. У склад групоўкі ўвайшлі брыгады імя І. В. Сталіна, «За Радзіму» імя А. К. Флегантава, 150‑я імя Ф. М. Языковіча, асобныя партызанскія атрады імя М. А. Шчорса (камандзір В. Ф. Гужэўскі), імя Р. І. Катоўскага; у аператыўнае падпарадкаванне групіроўкі была таксама перададзена брыгада імя В. М. Молатава Пінскага партызанскага злучэння. Агульнае камандаванне партызанскімі сіламі ажыццяўляў упаўнаважаны штаба Брэсцкага партызанскага злучэння маёр П. М. Кавальскі.

Правы фланг абароны (ад с. Любязь Валынскай вобласці да Белаазерскага канала) уздоўж паўднёвага берага Дняпроўска-Бугскага канала ўтрымлівала брыгада імя В. М. Молатава. Справа ад яе ўздоўж канала і ракі Піна абарону трымала Пінская партызанская брыгада. Злева па канале ад в. Башня Іванаўскага раёна да в. Селішча Драгічынскага раёна абарону трымалі брыгады 150‑я імя Ф. М. Языковіча, «За Радзіму» імя А. К. Флегантава, асобныя атрады імя М. А. Шчорса і імя Р. І. Катоўскага. Падыходы да партызанскай абароны з боку Дзівіна ўтрымлівала брыгада імя І. В. Сталіна. Лінія партызанскай абароны на адказных участках 50‑кіламетровага фронту была абсталявана дзотамі, бліндажамі, хадамі зносін.

Гітлераўцы 21 лютага 1944 г. пры перавазе ў жывой сіле і тэхніцы з боем адцяснілі дробныя загараджальныя атрады партызан, выйшлі на рубеж Дняпроўска-Бугскага канала ў раёне вёсак Зарэчка і Белін Драгічынскага pаёна і павялі наступленне на абарончыя рубяжы брыгады імя В. М. Молатава. Партызаны ўзарвалі пераправы і сустрэлі гітлераўцаў агнём з дзотаў, якія загадзя былі збудаваны на паўднёвым беразе Дняпроўска-Бугскага канала на ўсход ад яго стыку з Белаазерскім каналам. Да зыходу дня пад прыкрыццём артылерыйска-мінамётнага агню праціўнік фарсіраваў канал у раёне вёсак Зарэчка, Ляхавічы і Кублік Драгічынскага раёна і рухаўся ў напрамку в. Хідры Драгічынскага раёна, каб расчляніць абарону брыгады імя В. М. Молатава на 3 часткі і адрэзаць яе ад іншых сіл.

На працягу трох сутак партызаны брыгады імя В. М. Молатава адбівалі атакі гітлераўцаў. Праціўнік вымушаны быў адступіць і пачаць ствараць абарончыя збудаванні на паўночным беразе канала.

Пасля моцнага артылерыйскага налёту 23 лютага гітлераўцы перайшлі ў наступленне, спрабавалі фарсіраваць канал і раку Піна на ўчастку абароны Пінскай партызанскай брыгады. У выніку працяглых баёў у партызан канчаліся боепрыпасы. Пінская брыгада не вытрымала націску і вымушана была адступіць, тым самым агаліла правы фланг брыгады імя В. М. Молатава. Апошняй давялося здымаць свае атрады і перакідваць іх у раён в. Адрыжын Іванаўскага раёна. Гітлераўцы 26 лютага занялі вёскі Дольск і Шлапань Валынскай вобласці, в. Махро Іванаўскага раёна. Пінская партызанская брыгада адышла за Прыпяць, злучылася з часцямі Чырвонай арміі і заняла абарону ў раёне вёсак Нобель і Бучын Ровенскай вобласці. Праціўнік фарсіраваў Прыпяць і заняў Любязь, маючы намер злучыцца з гарнізонам г. Камень-Кашырск (цяпер Камень-Кашырскі) Валынскай вобласці. Левы фланг гітлераўцаў выходзіў у тыл партызанскай брыгады імя В. М. Молатава і ствараў пагрозу акружэння.

У сувязі са становішчам, якое стала больш складаным, паводле загаду маёра П. М. Кавальскага ў раён Дольск — Шлапань былі выведзены 150‑я брыгада імя Ф. М. Языковіча і атрад імя М. В. Фрунзэ брыгады імя І. В. Сталіна. У выніку прынятых мер праціўнік быў спынены на рубяжы вёсак Глінна і Адрыжын Іванаўскага раёна, Грачышча Валынскай вобласці. Было прынята рашэнне ўтрымліваць пазіцыі да апошняй магчымасці, адначасова актывізаваць дзеянні лятучых атрадаў і груп разведкі па тылах ворага. Па ўсёй лініі абароны партызаны рабілі завалы, мінныя палі, ноччу пранікалі ў тыл праціўніка, мініравалі пад’язныя шляхі, участкі мясцовасці. На партызанскіх мінах падарвалася шмат варожых салдат і афіцэраў, павозак, аўтамашын, гармат. Войскі 2‑га Беларускага фронту (160‑я стралковая і 38‑я гвардзейская дывізіі 70‑й арміі) 13 сакавіка перайшлі ў наступленне на 40‑кіламетровым участку Любяшоў — Бораўна. Да 17 сакавіка яны прасунуліся на глыбіню да 60 км і выйшлі на рубеж Турскага канала, дзе былі затрыманы рэзервамі праціўніка, якія туды падаспелі.

Новае наступленне праціўніка пачалося 17 сакавіка па ўсёй лініі абароны. Жорсткія баі завязаліся ў Зарэчцы. У трох месцах фашысты фарсіравалі Дняпроўска-Бугскі канал і павялі наступленне на вёскі Хідры, Вялікі Лес Драгічынскага pаёна і ўздоўж Белаазерскага канала. Праціўнік заняў Ляхавіцкія і Хідрынскія хутары і ўклініўся ў перадавую лінію абароны партызанскага атрада імя М. А. Шчорса. Контратакамі і ўдарамі з флангаў партызаны аднавілі сваё становішча. Гарачыя баі праходзілі 26–30 сакавіка па ўсёй лініі партызанскай абароны. Партызаны атрымлівалі боепрыпасы ад часцей Чырвонай арміі, якія падышлі да рубяжоў Прыпяці.

Гітлераўцы аднавілі наступленне 26 сакавіка на ўчастку абароны брыгады імя В. М. Молатава, якая пад націскам нашмат большых сіл праціўніка адышла на другую лінію абароны. Правы фланг брыгады заняў абарону 28 сакавіка на ўсходняй ускраіне в. Вятлы Валынскай вобласці, дзе ўступіў ва ўзаемадзеянне з часцямі Чырвонай арміі.

Да 29 сакавіка гітлераўцам удалося перагрупаваць свае сілы, пад прыкрыццём артылерыйскага і мінамётнага агню яны фарсіравалі канал і пачалі наступленне ў глыбіню партызанскай абароны. Пад канец дня праціўнік выйшаў на лінію Мукашын — возера Лука — Радастава, прыціснуў партызан і часці Чырвонай арміі да Прыпяці.

Да 31 сакавіка 1944 г. асноўныя сілы партызан злучыліся з часцямі Чырвонай арміі.

Больш за месяц партызаны вялі няроўны паядынак з вялікай групоўкай праціўніка. Яны ўмела выкарыстоўвалі партызанскую тактыку, спалучалі абарончыя баі з начнымі налётамі, дыверсіямі, выкарыстоўвалі дзеянні лятучых атрадаў і груп па тылах праціўніка, нанеслі вялікія страты ворагу і аказалі адчувальную дапамогу Чырвонай арміі, якая вяла наступленне.

У Зарэчцы Драгічынскага раёна ў гонар подзвігу беларускіх партызан у 1966 г. пастаўлены помнік.