pdf

ІРКУЦКА-ПІНСКАЯ СТРАЛКОВАЯ ДЫВІЗІЯ

Дата стварэння: 12.04.2023 11:13:14

Дата змены: 11.09.2024 16:10:52


ІРКУЦКА-ПІНСКАЯ СТРАЛКОВАЯ ДЫВІЗІЯ

Сустрэча ветэранаў Іркуцка-Пінскай стралковай дывізіі.

Ірку́цка-Пі́нская стралко́вая дыві́зія

Іркуцка-Пінская гвардзейская стралковая тройчы Чырванасцяжная ордэнаў Леніна і Суворава імя Вярхоўнага Савета РСФСР дывізія.

Сфарміравана ў ліпені 1918 г. на Усходнім фронце. З лістапада 1918 г. — 30‑я стралковая дывізія. Удзельнічала ў Грамадзянскай вайне, барацьбе з бандытызмам, ва ўмацаванні савецкай улады ва Украіне. Дывізіі нададзена ганаровае найменне «Іркуцкая» (1920, за вызваленне горада ад войск А. В. Калчака), імя Усерасійскага Цэнтральнага выканаўчага камітэта (1921, з 1938 імя Вярхоўнага Савета РСФСР); яна ўзнагароджана Ганаровым рэвалюцыйным Чырвоным Сцягам (1920), ордэнамі Чырвонага Сцяга РСФСР (1920, 1921), Працоўнага Чырвонага Сцяга Украінскай ССР (1921), Леніна (1934).

Ваенныя дзеянні ў час Вялікай Айчыннай вайны пачала на р. Прут. Уваходзіла ў склад 9‑й асобнай, 56‑й, 37‑й, 58‑й і 18‑й Прыморскай армій. Удзельнічала ў абарончых баях на паўднёвым участку савецка-германскага фронту, у вызваленні Паўночнага Каўказа і Таманскага паўвострава, у баях на Керчанскім паўвостраве. За баявыя заслугі 18 снежня 1942 г. пераўтворана ў 55‑ю гвардзейскую стралковую дывізію, у верасні 1943 г. узнагароджана ордэнам Суворава II ступені. З лета 1944 г. і да канца вайны знаходзілася ў складзе 28‑й арміі.

З красавіка 1944 г. у складзе войск 1‑га Беларускага фронту (20‑ы корпус 28‑й арміі) дывізія ўдзельнічала ў вызваленні Беларусі. Вызначылася ў баях пры вызваленні г. Пінск (14.7.1944), за што атрымала ганаровае найменне «Пінская» (23.7.1944). Удзельнічала ў вызваленні ўсходніх раёнаў Польшчы, у складзе войск 3‑га Беларускага фронту — ва Усходне-Прускай аперацыі, ва ўзаемадзеянні са злучэннямі 1‑га Украінскага фронту — у Берлінскай і Пражскай аперацыях.

За подзвігі ў час Вялікай Айчыннай вайны 25 воінаў дывізіі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, сярод іх — С. Д. Роман, які вызначыўся ў баях за Беларусь. Больш за 22 тыс. воінаў дывізіі ўзнагароджана ордэнамі і медалямі СССР.

Камандзіры: генерал-маёр С. Г. Галакціёнаў (чэрвень — ліпень 1941); палкоўнік, з 25 ліпеня 1941 г. генерал-маёр М. Д. Ганчароў (ліпень — снежань 1941); палкоўнік С. К. Пацехін (снежань 1941 — чэрвень 1942); палкоўнік, з 23 студзеня 1943 г. генерал-маёр Б. М. Аршынцаў (чэрвень 1942 — снежань 1943); палкоўнік С. I. Сямёнаў (снежань 1943 — студзень 1944; люты — красавік 1944); падпалкоўнік, з 22 лютага 1944 г. палкоўнік П. А. Мурашоў (студзень — люты 1944); генерал-маёр А. П. Турчынскі (красавік 1944 — май 1945).


Літаратура
  1. Кудрявцев Ф. А. Иркутская гвардейская. – Иркутск: Иркут. обл. издательство, 1944.

  2. Акулов П. Гвардейская Иркутско-Пинская // В боях за Белоруссию: сборник статей / сост.: П. Акулов, Г. Толокольников. – Минск: Беларусь, 1974.

  3. Богданов Л. Г. В пламени и славе: Репортаж о мужестве. – Иркутск: Вост.-Сиб. кн. издательство, 1975.

  4. Панасенко П. С. Гвардейская Иркутско-Пинская. – Москва: Военное издательство, 1986.

  5. В пламени и славе: боевой путь 30‑й гвардейской мотострелковой Иркутско-Пинской орденов Ленина и Октябрьской революции, трижды Краснознаменной, ордена Суворова дивизии имени Верховного Совета РСФСР. – Москва: Куна, 2015.

  6. Советская военная энциклопедия в 8 т. Т. 3: Гражданская—Йокота / Редкол.: Н. В. Огарков (председатель) [и др.]. – Москва: Военное издательство Министерства обороны СССР, 1977.

  7. Великая Отечественная война 1941–1945: энциклопедия / Редкол.: М. М. Козлов (глав. ред.) [и др.]. – Москва: Советская Энциклопедия, 1985.

  8. Ленский А. Г. Советские Сухопутные войска в последний год Союза ССР: справочник / А. Г. Ленский, М. М. Цыбин. – Санкт-Петербург: В&К, 2001. 

  9. Перечень № 5 стрелковых, горно-стрелковых, мотострелковых и моторизованных дивизий, входивших в состав действующей армии в годы Великой Отечественной войны 1941–1945 гг.: сборник документов / сост. А. П. Покровский. – Москва: б. и. 1956.