Дата стварэння: 12.04.2023 11:14:34
Дата змены: 11.09.2024 16:10:52
Крыніцазна́ўства гісторыі Беларускай ССР перыяду Вялікай Айчыннай вайны.
Даследуе заканамернасці ўзнікнення крыніц і аб’ектыўнага адлюстравання ў іх падзей вайны. Выпрацоўвае найбольш аптымальныя схемы класіфікацыі крыніц, прыёмы іх выяўлення і выкарыстання ў гістарычных даследаваннях. Знаходзіцца ў непасрэднай сувязі з узроўнем развіцця гістарычных даследаванняў і залежнасці ад яго, служыць яго своеасаблівым паказчыкам. Выкарыстоўвае схему дзялення крыніц, якая была распрацавана раней і ўжываецца да сённяшняга дня гістарычным крыніцазнаўствам, па тыпах на рэчавыя, пісьмовыя, вусныя (фальклор), лінгвістычныя, этнаграфічныя, кінафотадакументы і фонадакументы. Найбольш актыўна выкарыстоўваюцца пісьмовыя крыніцы, якія падраздзяляюцца з улікам іх паходжання, відавой і аўтарскай прыкмет на наступныя асноўныя групы: дакументы дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацый працоўных [Указы Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР і Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР; пастановы і распараджэнні Савета народных камісараў (СНК) СССР і СНК БССР, ЦК ВКП(б) і ЦК КП(б)Б; дакументы падпольных партыйных органаў і арганізацый рэспублікі; ваенна-аператыўная дакументацыя; дакументы ВЛКСМ і ЛКСМБ і інш.]; перыядычны друк; мемуары, асабістыя дзённікі, перапіска; дакументы нямецка-фашысцкіх акупацыйных, карных і іншых органаў і арганізацый.
Стварэнне крыніц пачалося ў асноўным пасля 22 чэрвеня 1941 г. і закончылася з перамогай савецкага народа ў вайне, аднак некаторыя крыніцы працягвалі стварацца і значна пазней (напрыклад, мемуары і інш.). Шмат крыніц, якія адлюстроўваюць пераважна гісторыю ўсенароднай барацьбы на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, апублікавана. Большасць крыніц не апублікавана і захоўваецца ў дзяржаўных і ведамасных архівах, музеях, бібліятэках і ў прыватных асоб, знаходзіцца ў асяроддзі бытавання (напрыклад, некаторыя фальклорныя, этнаграфічныя, лінгвістычныя крыніцы). Неабходнай папярэдняй умовай эфектыўнага выяўлення крыніц з’яўляецца вывучэнне асаблівасцей партыйнага будаўніцтва ў гады вайны, гісторыі дзяржаўных органаў, устаноў і арганізацый [уключаючы разведвальныя, контрразведвальныя (у т. л. і нямецка-фашысцкія)], арганізацыі справаводства ў іх і інш. Важнае значэнне пры выкарыстанні крыніц мае іх навуковая крыніцазнаўчая крытыка, якая вызначае арыгінальнасць, час і месца стварэння крыніцы, аўтара (аўтараў) і выяўляе яго суб’ектыўныя магчымасці аб’ектыўна адлюстраваць у крыніцы тыя або іншыя падзеі, высвятляе пабуджальныя матывы стварэння крыніцы, ступень верагоднасці інфармацыі, якая ў ёй утрымліваецца, і г. д. Правядзенне крыніцазнаўчай крытыкі садзейнічае павышэнню навуковага ўзроўню даследаванняў, ставіць заслону крыніцам малаверагодным, тэндэнцыйным, якія скажаюць аб’ектыўную карціну падзей, што адбываліся ў гады вайны.
Адным са спосабаў атрымання сукупнасці аб’ектыўных навуковых фактаў з’яўляецца комплекснае вывучэнне крыніц, параўнаўчы аналіз крыніц, якія выклікаюць сумненне ў даследчыка, з дакументамі, верагоднасць зместу якіх гарантавана аўтарскай або якой-небудзь іншай прыкметай. Цікавым з’яўляецца параўнаўчы аналіз зместу запісаў гутарак з воінамі, партызанамі і падпольшчыкамі, зроблены ў 1942–1945 гг., з успамінамі тых жа людзей, напісанымі праз 30–40 гадоў пасля заканчэння вайны.
У якасці крыніцазнаўчых даследаванняў могуць выступаць як самастойныя манаграфіі, артыкулы, іншыя навуковыя работы [напрыклад, зборнік артыкулаў «Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны: праблемы гістарыяграфіі і крыніцазнаўства» (1999); артыкул А. А. Курносава «Мемуары участников партизанского движения в период Великой Отечественной войны как исторический источник: (Опыт анализа мемуаров по истории Первой Бобруйской партизанской бригады)» (1961)], так і крыніцазнаўчыя главы, раздзелы, параграфы гістарычных даследаванняў. У іх надаецца ўвага месцазнаходжанню, колькасці, месцу паходжання і аўтарству крыніц, характэрным рысам іх агульнасці і адрознення, метадычным прыёмам даследаванняў і інш.
З 1960‑х гг. вялася падрыхтоўка і публікацыя даведнікаў, тэматычных аглядаў, апісанняў дакументальных матэрыялаў, якія захоўваюцца ў архівах, музеях, бібліятэках. Вывучалася фарміраванне базы крыніц па гісторыі партызанскага руху і партыйна-патрыятычнага падполля. Аналізавалася работа партыйных органаў рэспублікі сумесна з Інстытутам гісторыі партыі пры ЦК КПБ (да 1991) па ўстанаўленні дзейнасці падпольных партыйных, камсамольскіх, антыфашысцкіх арганізацый і груп, работа па зборы ўспамінаў удзельнікаў партызанскага руху і падполля спецыяльнымі камісіямі пад кіраўніцтвам сектара збору і публікацыі мемуараў Інстытута гісторыі АН БССР і інш. З завяршэннем работы па арганізацыі, выяўленні, зборы дакументаў і матэрыялаў настаў час іх паглыбленага крыніцазнаўчага вывучэння.