Дата стварэння: 14.04.2023 11:04:11
Дата змены: 11.09.2024 14:12:39
Дзяся́тая а́рмія
1‑га фарміравання. Утворана ў Беларускай асобай ваеннай акрузе ў 1939 г. У складзе Беларускага фронту 1939 г. удзельнічала ў Чырвонай арміі паходзе ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну 1939 г.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны на Заходнім фронце. У яе ўваходзілі 1‑ы і 5‑ы стралковыя, 6‑ы і 13‑ы механізаваныя і 6‑ы кавалерыйскі карпусы, 155‑я стралковая дывізія, 66‑ы ўмацаваны раён, артылерыйскія і іншыя часці.
Вяла абарончыя баі на беластоцкім напрамку. У складзе конна-механізаванай групы генерал-лейтэнанта І. В. Болдзіна 6‑ы механізаваны і частка сіл 6‑га кавалерыйскага карпусоў удзельнічалі ў нанясенні контрудараў у раёне Гродна.
У канцы чэрвеня нямецкія 3‑я і 2‑я танкавыя групы прарвалі абарону Заходняга фронту на яго флангах і злучыліся на захадзе ад Мінска, акружыўшы войскі 10‑й арміі і іншых злучэнняў фронту. Савецкія войскі вялі баі ў акружэнні да 8 ліпеня і, не маючы гаручага і боепрыпасаў, невялікімі групамі і атрадамі выйшлі з акружэння да асноўных сіл фронту. Рэшткі арміі сканцэнтраваліся на ўсходзе ад Гомеля. Упраўленне арміі было расфарміравана, яе войскі перададзены на ўкамплектаванне іншых злучэнняў і часцей.
Камандуючыя: камандзір корпуса І. Р. Захаркін (1939), генерал-маёр К. Д. Голубеў (чэрвень — ліпень 1941).
2‑га фарміравання. Створана 1 кастрычніка 1941 г. на паўднёва-заходнім напрамку (на Паўднёвым фронце). Фарміраванне не было закончана, і войскі былі перададзены ў іншыя воінскія злучэнні. Расфарміравана 17 кастрычніка 1941 г.
3‑га фарміравання. Створана ў лістападзе 1941 г. у Прыволжскай ваеннай акрузе.
У яе склад уваходзілі 322‑я, 323‑я, 324‑я, 325‑я, 326‑я, 328‑я, 330‑я стралковыя дывізіі, 57‑я і 75‑я кавалерыйскія дывізіі, артылерыйскія, інжынерныя і іншыя часці.
Са снежня 1941 г. у складзе Заходняга фронту, удзельнічала ў контрнаступленні пад Масквой, у Смаленскай аперацыі 1943 г. Да пачатку кастрычніка 1943 г. выйшла на тэрыторыю Беларусі ў раён Чавусаў. У складзе Беларускага і 1‑га Беларускага франтоў займала абарону на р. Проня (да вясны 1944). У красавіку 1944 г. на базе ўпраўлення арміі створана ўпраўленне 2‑га Беларускага фронту. Войскі і паласа абароны арміі перададзены ў склад 49‑й арміі.
Камандуючыя: генерал-лейтэнант П. I. Голікаў (кастрычнік 1941 — люты 1942); генерал-маёр, з 5 чэрвеня 1942 г. генерал-лейтэнант В. С. Папоў (люты 1942 — красавік 1944).