pdf

ДОКШЫЦКА-КРУЛЕЎШЧЫНСКАЯ АПЕРАЦЫЯ 1943 г.

Дата стварэння: 14.04.2023 11:04:22

Дата змены: 11.09.2024 14:12:39


До́кшыцка-Круле́ўшчынская апера́цыя 1943 г.

Баі па разгроме нямецка-фашысцкіх захопнікаў у г. Докшыцы і на чыгуначнай станцыі Крулеўшчына (Круляўшчызна; на лініі Маладзечна — Полацк) 16–17 жніўня 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны. Праведзена партызанскай брыгадай 1‑й Антыфашысцкай ва ўзаемадзеянні з партызанскай брыгадай «Жалязняк» Мінскай вобласці.

Вечарам 16 жніўня партызаны акружылі Докшыцы і сіламі аднаго батальёна ачапілі ўсе ваенныя аб’екты гарнізона і унтэр-афіцэрскую школу. У 6 гадзін раніцы 17 жніўня нечакана для ворага штурмавыя групы абяззброілі і ў кароткай перастрэлцы на асобных участках вулічнага бою знішчылі 38 і ўзялі ў палон 60 гітлераўцаў. Потым 1‑я Антыфашысцкая брыгада зрабіла пераход на станцыю Крулеўшчына. Яе з флангаў і тылу прыкрывала брыгада «Жалязняк», якая, каб адцягнуць увагу ворага, пачала дзеянні на ўчастку чыгункі ў раёне станцыі Параф’янава і паміж Крулеўшчынай і Глыбокім. Да вечара 17 жніўня Докшыцы і станцыя Крулеўшчына былі поўнасцю ачышчаны ад праціўніка.

У выніку жорсткага бою на подступах да станцыі Крулеўшчына і ў размяшчэнні гарнізона было знішчана больш за 500 гітлераўцаў, разбураны ўсе станцыйныя збудаванні, узарваны 4 масты, паравознае дэпо з чатырма цягнікамі, 35 вагонаў, нафтабаза, склад з боепрыпасамі, гараж з аўтамашынамі, захоплены 2 перасоўныя радыёстанцыі, вялікая колькасць харчавання, ваеннай амуніцыі, боепрыпасаў і ўзбраення, у т. л. 3 гарматы, 20 кулямётаў, вінтоўкі. Участак чыгункі Крулеўшчына — Параф’янава быў выведзены са строю на суткі. Партызаны страцілі каля 40 чалавек забітымі і параненымі.

У Крулеўшчыне ў гонар баявой аперацыі партызан у 1964 г. пастаўлены помнік.