ЛІНІЯ СТАЛІНА, неафіцыйная назва (ужывалася ў замежнай, а з 21 ст. — і ў айчыннай літаратуры) сістэмы абарончых збудаванняў
pdf

ЛІНІЯ СТАЛІНА

Дата стварэння: 14.04.2023 11:12:37

Дата змены: 11.09.2024 14:13:51


location Google location Yandex

Лінія Сталіна


Лі́нія Ста́ліна

Неафіцыйная назва савецкай лініі абарончых збудаванняў, узведзенай у 1928–1939 гг. ад Балтыйскага да Чорнага мора. У СССР афіцыйна называлася Доўгачасовы сухапутны фронт. Лініяй Сталіна яе назвалі ў замежным друку таго часу па аналогіі з іншымі лініямі (Мажыно, Манэргейма), а ў 21 ст. назва стала выкарыстоўвацца і ў айчыннай літаратуры.


Узвядзенне Доўгачасовага сухапутнага фронту на заходняй мяжы СССР супраць Польшчы і іншых суседніх краін як магчымых праціўнікаў

Пачатак будаўніцтва лініі абарончых збудаванняў у 1928 г. быў звязаны з пагаршэннем адносін з Захадам: у 1927 г. Вялікабрытанія разарвала з СССР дыпламатычныя адносіны, а ў Варшаве быў забіты савецкі дыпламат П. Л. Войкаў. У Чырвонай арміі на пастаяннай службе налічвалася ўсяго 586 тыс. чалавек (у Савецкім Саюзе большасць прызыўнікоў праходзіла ваенную падрыхтоўку не ў рэгулярных, а ў тэрытарыяльных войсках на кароткатэрміновых зборах), што для абароны такой велізарнай краіны было недастаткова. Таму ў 1928–1939 гг. былі пабудаваны 23 умацаваныя раёны (УРы). Яны складаліся з жалезабетонных дотаў — доўгачасовых агнявых пунктаў, укапаных у зямлю. Да пачатку Другой сусветнай вайны на Лініі Сталіна было 3 279 дотаў і 578 яшчэ будавалася. Яны прыкрывалі 2 067 км заходняй мяжы СССР.

Палова гэтай мяжы прыпадала на Польшчу, палова — на Румынію, Латвію, Эстонію і Фінляндыю. Тады Польшча лічылася грозным праціўнікам, улічваючы яе перамогу ў савецка-польскай вайне 1920 г. Асноўныя сілы Войска Польскага складаліся з пяхоты і кавалерыі і маглі наступаць шырокім фронтам.

Для стрымлівання пяхоты і кавалерыі 90 % дотаў было ўзброена кулямётамі, а астатнія — артылерыйскімі гарматамі. Але і артылерыйскія доты былі створаны не для барацьбы з танкамі, якіх тады ў Польшчы было вельмі мала, а для падтрымкі кулямётных дотаў сваім больш магутным і эфектыўным агнём. Для знішчэння пяхоты і кавалерыі гарматы мелі асколачна-фугасныя снарады і павінны былі весці агонь па плошчах. Гэтымі гарматамі былі знакамітыя «трохцалёўкі» царскага часу — хуткастрэльныя 76,2‑міліметровыя гарматы ўзору 1902 г. У час руска-японскай і Першай сусветнай войнаў яны сваім загараджальным агнём па плошчах знішчалі да 60 % пяхоты праціўніка, якая наступала.

Калі Польшча ў 1935–1939 гг. пабудавала 149 лёгкіх танкаў 7ТР, то для барацьбы з імі ў СССР былі створаны ПТОТы — супрацьтанкавыя агнявыя пункты, узброеныя 45‑міліметровай гарматай у вежы ад танка Т‑26. Яе 45‑міліметровы бранябойны снарад лёгка прабіваў супрацькульную браню польскіх танкаў на дыстанцыі да тысячы метраў. Боекамплект вежы складаўся з 52 бранябойных снарадаў і 7 кулямётных дыскаў. Яшчэ частка снарадаў і патронаў была ў бункеры пад вежай, да якога вёў спецыяльны лаз. Але асноўная частка боекамплекта (да тысячы снарадаў) знаходзілася на палявым складзе, да якога ад ПТОТа вяла траншэя.

Дзевяць ПТОТаў было ўстаноўлена ў Мінскім і 10 — у Полацкім умацаваных раёнах. ПТОТ, падобна да дота, уяўляў бетонны бункер з такой жа таўшчынёй сцен: па фронце — 150 см, зверху — 110 см. Такая абарона была не па сілах польскай артылерыі, максімальны калібр якой складаў усяго 155‑мм. Вежа ад танка Т‑26 мела толькі супрацькульную браню таўшчынёй 12 мм. Таму або вежа ПТОТа старанна маскіравалася, або над ёй будавалі псеўдахлеў, які меў для агляду частку сцяны, што хутка адкідвалася.

Задачай Лініі Сталіна было не спыніць і разграміць ворага, як памылкова мяркуюць многія, а ўтрымаць прымежныя раёны на час правядзення ў краіне ўсеагульнай мабілізацыі.


Лінія Сталіна ў 1939–1941 гг.

Польшча як дзяржава ў 1939 г. спыніла сваё існаванне, і ў СССР з Германіяй з’явілася агульная мяжа, але на 400 км на захад ад ранейшай. У краіне быў уведзены ўсеагульны воінскі абавязак. На новай мяжы пачалося ўзвядзенне новых умацаваных раёнаў, куды і сталі пераводзіць войскі прыкрыцця, звозіць узбраенне і спецабсталяванне, частку з якога здымалі са старой мяжы. У Мінскім УРы з шасці батальёнаў застаўся ўсяго адзін. Аднак у маі 1941 г. Лінію Сталіна сталі зноў прыводзіць у баявую гатоўнасць. Паводле ўспамінаў А. Сугакова (камандзіра батальёна, які застаўся) у Мінскім умацаваным раёне на ўчастку Дзяржынск — Плешчаніцы з 242 кулямётных дотаў 105 было нанова ўзброена. Акрамя батальёна А. Сугакова ў Мінскім УРы 30 мая 1941 г. з’явіліся яшчэ 3 батальёны, часці кіравання і сувязі, 18 узводаў капанірнай артылерыі і 9 аддзяленняў супрацьтанкавай артылерыі. Камендантам Мінскага ўмацаванага раёна быў прызначаны палкоўнік С. Лялькоў, начальнікам штаба — капітан І. Юхімец. Гэта значыць, напярэдадні вайны Мінскі УР стаў ажываць і да поўнага камплектавання яму не хапала двух батальёнаў.


Пачатак Вялікай Айчыннай вайны і наступ нямецка-фашысцкіх войскаў 22–25 чэрвеня 1941 г.

За час летняй кампаніі 1940 г. у Бельгіі і Францыі вермахт набыў вялікі вопыт у захопе добра ўмацаваных фартоў. Узяўшы Вільнюс, 24 чэрвеня 1941 г. нечакана для савецкага камандавання 3 нямецкія танкавыя дывізіі павярнулі на Маладзечна і накіраваліся да Мінска. Калі пра гэта далажылі камандуючаму Заходнім фронтам генералу арміі Д. Р. Паўлаву, то ён не паверыў. Лічачы такі глыбокі танкавы абхват вар’яцтвам, Д. Р. Паўлаў кінуў супрацьтанкавыя гарматы пад Ліду, дзе яны і загразлі ў барацьбе з пяхотнымі дывізіямі вермахта, якія не мелі танкаў. А ў гэты час нямецкія 7‑я, 12‑я і 20‑я танкавыя дывізіі працягнулі наступ у аператыўнай пустаце. Ужо 25 чэрвеня яны выйшлі да межаў Мінскага ўмацаванага раёна. Германія, ваюючы з 1939 г., мела дывізіі, разгорнутыя па штатах ваеннага часу. Таму ў яе трох танкавых дывізіях было 18 тыс. пехацінцаў, пасаджаных у грузавікі, 300 гармат і каля 600 танкаў. Дарогу ім, акрамя гарнізонаў савецкіх дотаў, заступіла ўсяго адна 64‑я стралковая дывізія. Але яна была разгорнута па штатах мірнага часу і налічвала 6 тыс. байцоў замест 12 тыс. Акрамя таго, замест належных для дывізіі 12 км ёй давялося трымаць фронт на 50 км. Артылерыйскія часці гэтай дывізіі мелі толькі тыя снарады, што прывезлі з сабой у гарматных перадках, якія змяшчалі ад 20 да 50 снарадаў на гармату ў залежнасці ад яе калібру. Спецыяльны ж эшалон, які вёз неабходную для дывізіі колькасць боепрыпасаў, быў спынены нямецкім авіяўдарам недалёка ад Мінска і пайшоў назад у Оршу.

З боку Баранавічаў на Мінск наступалі нямецкія 17‑я і 18‑я танкавыя дывізіі. На іх дарозе была 108‑я стралковая дывізія, фронт якой замест 12 складаў 40 км. Абедзве нашы стралковыя дывізіі абапіраліся на доты Мінскага УРа. На ўсход ад Мінска, у пас. Уручча, знаходзілася 100‑я стралковая дывізія, якая зусім не мела артылерыі; 161‑я дывізія знаходзілася ў рэзерве.


Баі на подступах да Мінска

Дванаццатая танкавая дывізія вермахта 26 чэрвеня была ўзмоцнена дадатковымі часцямі і атрымала задачу да вечара авалодаць Мінскам. Але 27 чэрвеня яна ў горад так і не ўвайшла, правёўшы гэты і нават наступны дзень у найцяжэйшых баях з абаронцамі савецкіх дотаў. Дзейнічаючы па адпрацаванай схеме, немцы спачатку пасылалі ў бой танкі, якія выклікалі агонь на сябе. Артылерыйскія доты, якія не мелі бранябойных снарадаў (яны рыхтаваліся для адбівання атак польскай пяхоты), і кулямётныя доты, якія складалі 90 % усіх абарончых збудаванняў Лініі Сталіна, былі практычна бяссільныя ў барацьбе з танкамі. Калі нашы доты адкрывалі агонь, праціўнік фіксаваў на сваіх картах гэтыя агнявыя пункты, пасля чаго яны падаўляліся артылерыяй (немцы вялі прыцэльную стральбу па амбразурах).

Неэфектыўнымі аказаліся і ПТОТы, створаныя спецыяльна для знішчэння танкаў. У баях высветлілася, што немцы перад нападам на СССР павялічылі на сваіх асноўных танках таўшчыню лабавой броні да 5 см. Прабіць яе савецкая 45‑міліметровая супрацьтанкавая гармата не магла нават пры стральбе ва ўпор. Хоць бартавая браня нямецкіх танкаў і прабівалася на адлегласці да 700 м, але весці агонь па бартах не заўсёды ўдавалася.

Абаронцам Мінскага УРа заставалася спыняць ворага супрацьтанкавай гранатай, кінутай пад гусеніцу, а потым падпальваць танк «кактэйлем Молатава». Але каб машына загарэлася, трэба было трапіць бутэлькай з запальнай сумессю выключна ў паветразаборнік рухавіка. Толькі тады полымя, якое ўспыхвала ад разбітай бутэлькі, зацягвалася ў маторнае аддзяленне і яно загаралася. Ва ўсіх астатніх выпадках падпаленая сумесь хутка згарала на брані танка, не прычыніўшы яму шкоды. Асабліва абароненымі ад «кактэйлю Молатава» аказаліся трафейныя чэшскія танкі Panzer 38(t). Паветразаборнікі ў іх былі прыкрытыя зверху бранёй, а люкі мелі спецыяльныя ўшчыльняльнікі, якія не дапускалі працякання гаручай сумесі ўнутр машыны. Кідаць бутэльку даводзілася пад паветразаборнік, што зрабіць ва ўмовах рэальнага бою было вельмі цяжка. Менавіта гэтыя чэшскія танкі складалі касцяк 7‑й, 12‑й і 20‑й танкавых дывізій вермахта, якія атакавалі пазіцыі Мінскага ўмацаванага раёна з боку Вільнюса.

Нягледзячы на тое, што цэнтральны ўчастак Лініі Сталіна будаваўся для абароны ад Польшчы, а не Германіі, для барацьбы з польскай пяхотай і кавалерыяй, а не з нямецкімі танкамі, «трохцалёўкі» не былі супрацьтанкавымі гарматамі, «саракапяткі» былі слабыя, снарадаў не хапала, а «кактэйль Молатава» быў малаэфектыўны, абаронцы Мінска мужна прынялі на сябе цяжкі ўдар. Пра жорсткасць баёў на Мінскім умацаваным раёне Лініі Сталіна сведчыць параўнанне нямецкіх страт у танках. Усяго за 3 дні баёў пад Мінскам 7‑я, 12‑я і 20‑я танкавыя дывізіі вермахта страцілі 210 машын (за 40 дзён Французскай кампаніі вермахт страціў 640 танкаў). Асобныя доты Мінскага УРа ў раёне Заслаўя абараняліся да 1 ліпеня 1941 г.


Баі на іншых участках Лініі Сталіна

Затрымка немцаў у баях на Мінскім УРы дазволіла шасці цалкам укамплектаваным стралковым дывізіям Чырвонай арміі своечасова заняць пазіцыі ў Полацкім умацаваным раёне. У войскі была дастаўлена неабходная колькасць артылерыйскіх снарадаў, своечасова разгружаных з чыгуначных эшалонаў. Тут асабліва ўмелым кіраўніцтвам абароны УРа праславіўся камандзір 174‑й стралковай дывізіі камбрыг (з 7.8.1941 генерал-маёр) А. І. Зыгін. У выніку ў паласе Полацкага ўмацаванага раёна Лініі Сталіна 6 савецкіх дывізій стрымлівалі націск 16 нямецкіх дывізій каля 20 дзён. Пазіцыі гэтага УРа былі пакінуты па загадзе з Масквы толькі з прычыны пагрозы поўнага акружэння яго абаронцаў.

Каля тыдня часці Чырвонай арміі трымалі абарону на Наваград-Валынскім умацаваным раёне і пакінулі яго таксама, каб пазбегнуць акружэння. Яшчэ на 2 тыдні затрымалі немцаў на Корасценскім умацаваным раёне Лініі Сталіна. У паласе Кіеўскага ўмацаванага раёна Чырвоная армія звязала баямі праціўніка на 2 месяцы. Справа дайшла да таго, што А. Гітлер загадаў групе армій «Цэнтр» спыніць наступ на Маскву і павярнуць усе свае танкавыя дывізіі з цэнтральнага напрамку на поўдзень, каб акружыць Кіеў з усходу. І хоць тут немцам удалося атрымаць перамогу, час быў страчаны незваротна. Пазіцыі Карэльскага ўмацаванага раёна Лініі Сталіна праціўнік не змог прарваць за ўсю вайну.


Значэнне Лініі Сталіна для ходу вайны

Германія не мела дастатковых рэсурсаў на зацяжную вайну, таму зрабіла стаўку на «бліцкрыг» (маланкавую вайну). У адрозненне ад французскай Лініі Мажыно, якая не зрабіла на ход ваенных дзеянняў ніякага ўплыву, Лінія Сталіна ўнесла свой пасільны ўклад у зрыў плана «бліцкрыгу». Дзякуючы затрымкам наступу на Доўгачасовым сухапутным фронце немцы не ўзялі Маскву да надыходу восеньскай бездаражы, вайна стала зацяжной, што абумовіла пройгрыш Германіі.

У раёне г. Заслаўе Мінскай вобласці створаны гісторыка-мемарыяльны комплекс «Лінія Сталіна».