Дата стварэння: 22.10.2024 14:34:00
Дата змены: 21.08.2025 11:33:30
Партыза́нская брыга́да «За Саве́цкую Белару́сь» (партызанскі атрад «За Савецкую Беларусь»)
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Куранецкага раёна Вілейскай вобласці.
У кастрычніку 1943 г. у Куранецкім раёне створаны партызанскі атрад «За Савецкую Беларусь» на базе групы А. I. Валынца (дзейнічала з вясны 1942, пазней была часткай атрада «Барацьба» партызанскай брыгады «Народныя мсціўцы» імя В. Т. Варанянскага, у жніўні 1943 вылучана і накіравана ў Куранецкі раён для арганізацыі атрада).
Партызаны наносілі ўдары па камунікацыях ворага, удзельнічалі ў «Рэйкавай вайне». Рабілі напады на варожыя гарнізоны ў вёсках Кабыльнік (люты 1944) і Любань (чэрвень 1944). Пачынаючы з 28 чэрвеня 1944 г. вялі баі з часцямі ворага, які адступаў, вызвалілі і ўтрымлівалі да падыходу савецкіх войск вёскі Каловічы і Бараўцы. Разам з Чырвонай арміяй удзельнічалі ў разгроме нямецкага гарнізона ў г. Вілейка.
Атрад злучыўся з Чырвонай арміяй 2 ліпеня 1944 г., у ім налічваўся 421 партызан. Пасля злучэння Беларускі штаб партызанскага руху вызначыў атрад як брыгаду ў складзе 1‑га, 2‑га, 3‑га, 4‑га і 5‑га атрадаў.
Камандзір брыгады А. I. Валынец; камісар В. Ф. Цалуйка; начальнікі штаба: П. С. Вашчанка, Г. I. Лятушкін.
Камандзіру брыгады А. І. Валынцу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
У гонар брыгады каля в. Ляскі Вілейскага раёна Мінскай вобласці ў 1970 г. створаны мемарыяльны комплекс.