Дата стварэння: 22.10.2024 14:36:06
Дата змены: 15.05.2025 15:21:54
Партыза́нская брыга́да імя́ В. I. Чапа́ева
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Валожынскага, Іўеўскага, Лідскага і Навагрудскага раёнаў Баранавіцкай вобласці (цяпер Валожынскі раён у Мінскай вобласці, астатнія раёны ў Гродзенскай).
Створана ў снежні 1943 г. на базе атрадаў імя В. І. Чапаева (арганізаваны ў чэрвені 1942) і імя А. Я. Пархоменкі (арганізаваны ў маі 1943), вылучаных партызанскай брыгадай імя I. В. Сталіна Баранавіцкай вобласці, адначасова быў арганізаваны атрад імя Д. А. Фурманава, у красавіку 1944 г. — сямейны атрад імя С. Г. Лазо.
Партызаны самастойна і разам з партызанскай брыгадай імя С. М. Кірава Баранавіцкай вобласці грамілі гарнізоны і апорныя пункты ворага на тэрыторыі Лідскага і Навагрудскага раёнаў, вялі баі супраць карнікаў, у т. л. каля вёсак Каменка Навагрудскага (31.3.1944) і Такарышкі Іўеўскага (19.5.1944) раёнаў. У сакавіку 1944 г. каля чыгуначнай станцыі Лістапады падарвалі каля 30 рэек, пусцілі пад адхон 2 эшалоны, на пад’язных пуцях знішчылі 3 масты. У красавіку на дарозе Валожын — Вішнева ў Валожынскім раёне падарвалі 2 машыны з жывой сілай праціўніка, на шашы Навагрудак — Ліда падбілі танк. У чэрвені 1944 г. на чыгуначным участку Ліда — Маладзечна падарвалі 350 рэек, у выніку спынілі рух на чыгунцы на двое сутак.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 6 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя В. І. Чапаева, імя А. Я. Пархоменкі, імя Д. А. Фурманава, імя С. Г. Лазо, у якіх змагаліся 464 партызаны.
Камандзір брыгады Р. Л. Кудрын, камісар П. А. Склемін, начальнік штаба А. В. Сауцін.
У гонар брыгады ў г. Ліда ў 1965 г. пастаўлена стэла, у в. Бакшты Іўеўскага раёна ў 1969 г. — абеліск, у в. Ляхавічы 1 Навагрудскага раёна ў 1980 г. — стэла.