БАГУШЭЎСКІ БОЙ 1941 г.

Дата стварэння: 05.05.2023 11:08:05

Дата змены: 15.12.2023 14:45:02


Багушэ́ўскі бой 1941 г.

Бой партызанскага атрада Багушэўскі (камандзір — сакратар Багушэўскага падпольнага райкама КП(б)‌Б А. К. Стэльмах), групы ваеннаслужачых, якія трапілі ў акружэнне (камандзір П. С. Гапонцаў), і партызанскага атрада 13‑й арміі малодшага лейтэнанта I. Ф. Бяляева з нямецка-фашысцкімі акупантамі ў г. п. Багушэўск у верасні 1941 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

У ноч з 3 на 4 верасня асноўная група партызан колькасцю 30 чалавек увайшла ў пасёлак, дзе размяшчаўся гарнізон ворага, закідала гранатамі памяшканне камендатуры, разграміла раённую ўправу, знішчыла 2 аўтамашыны, памочніка ваеннага каменданта Віцебска, які прыехаў на нараду, і чатырох гітлераўцаў, захапіла трафеі і дакументы і вярнулася на базу. Група прыкрыцця з боку шашы Віцебск — Орша сустрэла агнём фашыстаў, якія спяшаліся на дапамогу гарнізону, падарвала адну аўтамашыну, астатнія 3 павярнулі назад. Пасля бою калабарацыянісцкая газета «Витебский вестник» пісала: «Партызанскі атрад пад камандаваннем Бяляева колькасцю 1 000 чалавек, узброены артылерыяй, танкамі, мінамётамі і кулямётамі, зрабіў налёт на Багушэўск».