Дата стварэння: 05.05.2023 11:10:01
Дата змены: 21.07.2025 09:03:21
Бара́навіцкі падпо́льны абка́м ЛКСМБ
Баранавіцкі падпольны абласны камітэт ЛКСМБ.
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Баранавіцкай вобласці.
Створаны ў красавіку 1943 г. Цэнтральным камітэтам ЛКСМБ (ЦК ЛКСМБ) і Баранавіцкім падпольным абкамам КП(б)Б, працаваў пад іх кіраўніцтвам.
Абкамам былі сфарміраваны і ў далейшым дзейнічалі пад яго кіраўніцтвам Івянецкі падпольны міжрайцэнтр ЛКСМБ, Лідскі падпольны міжрайцэнтр ЛКСМБ, Слонімскі падпольны міжрайцэнтр ЛКСМБ, Стаўбцоўскі падпольны міжрайцэнтр ЛКСМБ, Шчучынскі падпольны міжрайцэнтр ЛКСМБ, Навагрудскі падпольны міжрайкам ЛКСМБ, Баранавіцкі падпольны гаркам ЛКСМБ, Лідскі падпольны гаркам-райкам ЛКСМБ, 25 райкамаў — Быценскі падпольны райкам ЛКСМБ, Валожынскі падпольны райкам ЛКСМБ, Васілішкаўскі падпольны райкам ЛКСМБ, Воранаўскі падпольны райкам ЛКСМБ, Гарадзішчанскі падпольны райкам ЛКСМБ, Дзятлаўскі падпольны райкам ЛКСМБ, Жалудоцкі падпольны райкам ЛКСМБ, Зэльвенскі падпольны райкам ЛКСМБ, Івянецкі падпольны райкам ЛКСМБ, Іўеўскі падпольны райкам ЛКСМБ, Казлоўшчынскі падпольны райкам ЛКСМБ, Карэліцкі падпольны райкам ЛКСМБ, Клецкі падпольны райкам ЛКСМБ, Любчанскі падпольны райкам ЛКСМБ, Ляхавіцкі падпольны райкам ЛКСМБ, Мастоўскі падпольны райкам ЛКСМБ, Мірскі падпольны райкам ЛКСМБ, Навагрудскі падпольны райкам ЛКСМБ, Навамышскі падпольны райкам ЛКСМБ, Нясвіжскі падпольны райкам ЛКСМБ, Радунскі падпольны райкам ЛКСМБ, Слонімскі падпольны райкам ЛКСМБ, Стаўбцоўскі падпольны райкам ЛКСМБ, Шчучынскі падпольны райкам ЛКСМБ, Юрацішкаўскі падпольны райкам ЛКСМБ (гл. таксама Раённыя падпольныя камітэты ЛКСМБ), 214 тэрытарыяльных камсамольскіх, 120 маладзёжных антыфашысцкіх арганізацый, 170 пярвічных камсамольскіх арганізацый у партызанскіх фарміраваннях, дзе налічвалася каля 4,9 тыс. камсамольцаў і больш за 500 маладых антыфашыстаў.
Асноўная база падпольнага абкама ЛКСМБ знаходзілася ў Налібоцкай пушчы, на поўнач ад в. Налібакі (Налібокі) Івянецкага раёна.
Друкаваным органам падпольнага абкама з’яўлялася газета «Молодой мститель».
Спыніў дзейнасць 10 ліпеня 1944 г.
Сакратары абкама: А. К. Рыбакоў, Ф. А. Башкінцаў (з 11.1.1944); члены абкама: У. С. Міхнян (адначасова ў кастрычніку — снежні 1943 сакратар Слонімскага падпольнага міжрайкама ЛКСМБ, з 7.11.1943 сакратар Слонімскага падпольнага райкама ЛКСМБ), Р. Ф. Фамічоў, А. С. Міхайлічэнка (з 8.8.1943, адначасова ў маі — снежні 1943 сакратар Івянецкага падпольнага міжрайцэнтра ЛКСМБ, з 7.11.1943 сакратар Івянецкага падпольнага райкама ЛКСМБ), Ц. А. Паўлюц (з 8.8.1943, адначасова з 7.11.1943 сакратар Валожынскага падпольнага райкама ЛКСМБ), П. С. Пятроўскі (са жніўня 1943, адначасова ўпаўнаважаны ЦК ЛКСМБ па Паўднёвай зоне вобласці), Р. I. Гужавін (з верасня 1943, адначасова рэдактар газеты «Молодой мститель»), А. В. Сауцін (з 1.1.1944, член ЦК ЛКСМБ, начальнік штаба партызанскай брыгады імя В. І. Чапаева Баранавіцкай вобласці); інструктары па падпольнай рабоце: З. С. Салдатава (з лістапада 1943), Р. Л. Марахоўскі (1.1–13.3.1944, адначасова сакратар Баранавіцкага падпольнага гаркама ЛКСМБ), Р. В. Кулага (з лютага да 13.3.1944), У. Ц. Хазяеў (з 10.2.1944).
На тэрыторыі вобласці ў кастрычніку 1943 г. — маі 1944 г. працаваў і кіраваў камсамольскім падполлем сакратар ЦК ЛКСМБ Ф. А. Сурганаў, у ліпені — лістападзе 1943 г. — інструктар ЦК ВЛКСМ М. М. Брастоўскі.
На месцы базіравання Баранавіцкіх падпольных абкамаў КП(б)Б, ЛКСМБ і штаба Баранавіцкага партызанскага злучэння адноўлены зямлянкі.