pdf

БЕЛАРУСКІ ФРОНТ 1-ы

Дата стварэння: 05.12.2024 10:34:03

Дата змены: 27.12.2024 11:41:00


Белару́скi фронт 1‑ы

Створаны ў Вялікую Айчынную вайну паводле рашэння Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання ад 17 лютага 1944 г. (у выніку перайменавання Беларускага фронту 1943–1944 гг.) на бабруйскім і брэсцка-люблінскім напрамках; 5–16 красавіка 1944 г. называўся Беларускім фронтам.

Першапачаткова ў склад фронту ўваходзілі арміі: 3‑я (генерал-лейтэнант А. В. Гарбатаў), 48‑я (генерал-лейтэнант П. Л. Раманенка), 50‑я (генерал-лейтэнант I. В. Болдзін), 61‑я (генерал-лейтэнант П. А. Бялоў), 65‑я (генерал-лейтэнант, з 29.6.1944 генерал-палкоўнік П. I. Батаў), 16‑я паветраная (генерал-лейтэнант авіяцыі С. I. Рудэнка). У далейшым — 28‑я (генерал-лейтэнант А. А. Лучынскі), 33‑я (генерал-лейтэнант В. Д. Кручонкін, з 9.7.1944 генерал-лейтэнант С. I. Марозаў, з кастрычніка 1944 генерал-палкоўнік В. Д. Цвятаеў), 47‑я (генерал-лейтэнант М. I. Гусеў, з 17.11.1944 генерал-маёр Ф. I. Перхаровіч), 69‑я (генерал-лейтэнант, з 2.11.1944 генерал-палкоўнік У. Я. Калпакчы), 70‑я (генерал-палкоўнік В. С. Папоў), 8‑я гвардзейская (генерал-палкоўнік В. I. Чуйкоў), 3‑я (генерал-лейтэнант М. П. Сіманяк, з сакавіка 1945 генерал-палкоўнік В. I. Кузняцоў) і 5‑я (генерал-лейтэнант, з 20.4.1945 генерал-палкоўнік М. Э. Берзарын) ударныя, 1‑я (генерал-палкоўнік танкавых войск М. Я. Катукоў) і 2‑я (генерал-палкоўнік танкавых войск С. I. Багданаў, з 23.7.1944 генерал-лейтэнант танкавых войск А. I. Радзіеўскі, са студзеня 1945 С. І. Багданаў) гвардзейскія танкавыя, 6‑я паветраная (генерал-лейтэнант авіяцыі Ф. П. Палынін), 1‑я (генерал-лейтэнант З. Берлінг, са снежня 1944 генерал-лейтэнант С. Г. Паплаўскі) і 2‑я (генерал-лейтэнант К. Свярчэўскі) арміі Войска Польскага, Дняпроўская рачная ваенная флатылія (капітан 1‑га рангу, з 25.6.1944 контр-адмірал В. ВГрыгор’еў).

У лютым 1944 г. Беларускі фронт 1‑ы часткай сіл (3‑я, 50‑я і 16‑я паветраная арміі) правёў Рагачоўска-Жлобінскую аперацыю 1944 г. У ходзе Беларускай аперацыі 1944 г. войскі фронту 24–29 чэрвеня правялі Бабруйскую аперацыю 1944 г., у выніку якой прасунуліся да 110 км; 29 чэрвеня — 4 ліпеня сумесна з 2‑м і 3‑м Беларускімі франтамі і беларускімі партызанамі правялі Мінскую аперацыю 1944 г., якая завяршылася вызваленнем Мінска і разгромам 100‑тысячнай групоўкі ворага; 18 ліпеня — 2 жніўня правялі Люблін-Брэсцкую аперацыю 1944 г. У жніўні — снежні 1944 г. войскі фронту вялі актыўныя баявыя дзеянні па ўтрыманні і пашырэнні плацдармаў на р. Вісла, рыхтаваліся да зімовага наступления. Фронт, удзельнічаючы ў Вісла-Одэрскай аперацыі, 14 студзеня — 3 лютага 1945 г. правёў Варшаўска-Пазнанскую аперацыю, у ходзе якой былі вызвалены Цэнтральная Польшча з Варшавай, войскі выйшлі на р. Одэр і захапілі плацдармы на яе заходнім беразе. У лютым — сакавіку 1945 г. войскі фронту ўдзельнічалі ва Усходне-Памеранскай аперацыі, у выніку якой была вызвалена ад ворага ўся паўночная частка Польшчы. Войскі фронту ва ўзаемадзеянні з войскамі 1‑га Украінскага фронту, пры садзейнічанні 2‑га Беларускага фронту, 16 красавіка — 8 мая 1945 г. правялі Берлінскую аперацыю 1945 г. і штурмам авалодалі Берлінам. Фронт расфарміраваны 10 чэрвеня 1945 г. Яго палявое ўпраўленне рэарганізавана ў палявое ўпраўленне Групы савецкіх войск у Германіі.

Камандуючыя: генерал арміі, з чэрвеня 1944 г. Маршал Савецкага Саюза К. К. Ракасоўскі (люты — лістапад 1944); Маршал Савецкага Саюза Г. К. Жукаў (лістапад 1944 — чэрвень 1945).

Члены ваеннага савета: генерал-лейтэнант К. Ф. Цялегін (люты — май 1944, лістапад 1944 — чэрвень 1945); генерал-лейтэнант, з 29 ліпеня 1944 г. генерал-палкоўнік М. А. Булганін (май — лістапад 1944).

Начальнік штаба — генерал-палкоўнік М. С. Малінін (люты 1944 — чэрвень 1945).