pdf

БЕЛАРУСКІ ФРОНТ 1943–1944 гг.

Дата стварэння: 20.08.2024 15:32:09

Дата змены: 27.12.2024 11:41:10

Белару́скi фронт 1943–1944 гг.

Створаны ў Вялікую Айчынную вайну паводле рашэння Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання ад 20 кастрычніка 1943 г. (у выніку перайменавання Цэнтральнага фронту).

Першапачаткова ў склад фронту ўваходзілі apмii: 3‑я (генерал-лейтэнант А. В. Гарбатаў), 48‑я (генерал-лейтэнант П. Л. Раманенка), 50‑я (генерал-лейтэнант I. В. Болдзін), 61‑я (генерал-лейтэнант П. А. Бялоў), 63‑я (генерал-лейтэнант У. Я. Калпакчы), 65‑я (генерал-лейтэнант П. I. Батаў), 16‑я паветраная (генерал-лейтэнант авіяцыі С. I. Рудэнка). Пасля — 10‑я (генерал-лейтэнант В. С. Папоў), 11‑я (генерал-лейтэнант I. I. Фядзюнінскі), 47‑я (генерал-лейтэнант М. I. Гусеў), 69‑я (генерал-лейтэнант В. Д. Кручонкін, з 4.4.1944 генерал-лейтэнант У. Я. Калпакчы), 70‑я (генерал-палкоўнік В. С. Папоў) i Дняпроўская рачная ваенная флатылія (капітан 1‑га рангу В. В. Грыгор’еў).

У кастрычніку 1943 г. войскі Беларускага фронту, выкарыстоўваючы захопленыя плацдармы на заходніх берагах рэк Проня i Сож, перайшлі ў наступленне на гомельска-бабруйскім напрамку; на працягу 2‑й палавіны кастрычніка i пачатку лістапада стварылі пагрозу ахопу 2‑й нямецкай арміі з поўдня i вялі бai за расшырэнне плацдармаў на р. Дняпро. З плацдармаў, размешчаных на правым беразе Дняпра на поўдзень ад г. п. Лоеў, 10 лістапада 1943 г. перайшлі ў наступленне войскі левага крыла фронту (гл. Гомельска-Рэчыцкая аперацыя 1943 г.); 26 лістапада вызвалены г. Гомель. Да пачатку снежня войскі Беларускага фронту выйшлі на рубеж Петухоўка — Новы Быхаў — на ўсход ад Рагачова i Мазыра — Прыпяць. Тут фронт стабілізаваўся да 1944 г. У студзені — лютым 1944 г. войскі Беларускага фронту правялі Калінкавіцка-Мазырскую аперацыю 1944 г., у ходзе якой вызвалілі гарады Калінкавічы, Мазыр i іншыя населеныя пункты i, прасунуўшыся на 15–60 км, выйшлі на рубеж Дуброва — Азарычы — Млынок i перайшлі да абароны.

У сувязі з утварэннем 17 лютага 1944 г. на ковельскім напрамку Беларускага фронту 2‑га (1‑га фарміравання) Беларускі фронт перайменаваны ў Беларускі фронт 1‑ы. У сувязі са скасаваннем 2‑га Беларускага фронту 5 красавіка 1944 г. Беларускі фронт адноўлены, 16 красавіка 1944 г. зноў перайменаваны ў 1‑ы Беларускі фронт.

Камандуючы — генерал арміі К. К. Ракаcoўcкi.

Член ваеннага савета — генерал-лейтэнант К. Ф. Цялегін.

Начальнік штаба — генерал-палкоўнік М. С. Малінін.