Дата стварэння: 01.03.2023 15:15:03
Дата змены: 25.10.2024 11:25:22
Го́мельска-Рэ́чыцкая апера́цыя 1943 г.
Наступальная аперацыя войск Беларускага фронту 1943–1944 гг. (генерал арміі К. К. Ракасоўскі) 10–30 лістапада 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
У аперацыі ўдзельнічалі арміі: 50‑я (генерал-лейтэнант I. В. Болдзін), 3‑я (генерал-лейтэнант А. В. Гарбатаў), 63‑я (генерал-лейтэнант У. Я. Калпакчы), 48‑я (генерал-лейтэнант П. Л. Раманенка), 65‑я (генерал-лейтэнант П. I. Батаў), 11‑я (генерал-лейтэнант I. I. Фядзюнінскі), 61‑я (генерал-лейтэнант П. А. Бялоў) і 16‑я паветраная (генерал-палкоўнік С. I. Рудэнка). У 2‑й палове кастрычніка войскі левага крыла Беларускага фронту, развіваючы наступленне на гомельска-бабруйскім напрамку, авалодалі плацдармам на заходнім беразе р. Дняпро ў раёне г. п. Лоеў і стварылі спрыяльныя ўмовы для правядзення Гомельска-Рэчыцкай аперацыі. Задача аперацыі — разграміць гомельска-рэчыцкую групоўку праціўніка, вызваліць міжрэчча Сожа і Дняпра, заняць зручныя пазіцыі на заходнім беразе Дняпра. Савецкім войскам процістаялі 2‑я, частка сіл 9‑й і 4‑й нямецкіх армій групы армій «Цэнтр»; у ходзе аперацыі пад гарады Жлобін і Рагачоў з іншых участкаў фронту вораг перакінуў 7 пяхотных дывізій і брыгаду СС.
Войскі левага крыла Беларускага фронту 10 лістапада пачалі наступленне на напрамку галоўнага ўдару з плацдарма на заходнім беразе Дняпра каля Лоева сіламі 48‑й, 65‑й і 61‑й армій і ўведзеных у бітву на 2‑і дзень двух танкавых і двух кавалерыйскіх карпусоў у напрамку на г. Рэчыца і часткай сіл — на г. Калінкавічы. Ударам у тыл праціўніка войскі фронту 15 лістапада перарэзалі чыгунку Гомель — Калінкавічы, 18 лістапада вызвалілі Рэчыцу (48‑я і 65‑я арміі, 1‑ы гвардзейскі танкавы корпус), 25 лістапада фарсіравалі р. Бярэзіна і захапілі плацдарм на поўдзень ад Жлобіна, абышлі Гомель з захаду. Войскі правага крыла фронту пачалі 22 лістапада наступленне сіламі 50‑й і 3‑й армій, 25–26 лістапада вызвалілі г. п. Прапойск (цяпер г. Слаўгарад), г. п. Карма і в. Журавічы, выйшлі да Дняпра ў раёне в. Новы Быхаў, ахапіўшы Гомель з поўначы. Войскі 11‑й і 48‑й армій 26 лістапада пасля жорсткіх баёў вызвалілі Гомель.
У час аперацыі партызаны Гомельскага, Палескага і Магілёўскага злучэнняў узмацнілі баявыя дзеянні, паралізавалі рух на чыгунцы Жыткавічы — Калінкавічы, Калінкавічы — Жлобін, Оўруч — Мазыр, перарэзалі чыгунку Магілёў — Жлобін і не далі ворагу магчымасці перакінуць падмацаванні да Гомеля, перакрылі шляхі адступлення з Рэчыцы. Партызаны вызвалілі і ўтрымлівалі да падыходу савецкіх часцей 34 населеныя пункты і пераправу цераз Бярэзіну.
У выніку Гомельска-Рэчыцкай аперацыі войскі Беларускага фронту прарвалі абарону праціўніка ў паласе шырынёю 100 км, прасунуліся на захад на 130 км, стварылі пагрозу паўднёваму флангу групы армій «Цэнтр», што ўскладніла яе ўзаемадзеянні з групай армій «Поўдзень». Злучэнні Беларускага фронту дасягнулі рубяжа Чавусы, Новы Быхаў, на ўсход ад Рагачова і Мазыра, на поўдзень ад Ельска. Тут фронт стабілізаваўся да 1944 г. Былі створаны спрыяльныя перадумовы для далейшага вызвалення Беларусі.
Часцям і злучэнням, якія вызначыліся ў аперацыі, нададзена ганаровае найменне: 23 — «Гомельскія», 22 — «Рэчыцкія».