Калба́сінскі ла́гер сме́рці, шталаг № 324
Створаны нямецкімі захопнікамі каля в. Калбасіна (Калбасіно) Гродзенскага раёна (цяпер у межах г. Гродна) у канцы ліпеня 1941 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Да верасня 1942 г. функцыянаваў як лагер ваеннапалонных, потым у ім утрымлівалася толькі цывільнае насельніцтва.
Тэрыторыя каля 50 га была абнесена калючым дротам, вакол пастаўлены вышкі для кулямётчыкаў. Вязняў трымалі ў 96 зямлянках, кармілі харчовымі адходамі. У лагеры пастаянна знаходзілася каля 36 тыс. чалавек. Вязні штодзённа паміралі ад голаду, непасільнай працы і катаванняў.
За час існавання лагера тут загублена каля 18 тыс. чалавек. У кожнай са знойдзеных 68 ям-магіл было захавана па 200–300 трупаў. У Германію вывезена 18 тыс. чалавек.
У 1965 г. на тэрыторыі былога лагера смерці пастаўлены помнік ахвярам нацысцкага тэрору.