САЛЮТЫ ПЕРАМОЖНЫЯ, у Маскве ў 1943–1945 гг. у Вялікую Айчынную вайну
pdf

САЛЮТЫ ПЕРАМОЖНЫЯ

Дата стварэння: 05.12.2024 11:00:02

Дата змены: 27.12.2024 11:40:53


Салю́ты перамо́жныя

Праводзіліся ў Вялікую Айчынную вайну ў Маскве ў 1943–1945 гг. у гонар буйных перамог на франтах паводле загаду Вярхоўнага галоўнакамандуючага і здзяйсняліся войскамі проціпаветранай абароны.

Першы салют быў дадзены 5 жніўня 1943 г. у гонар войск Бранскага і Сцяпнога франтоў, якія вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў гарады Арол і Белгарад. Пазней была ўстаноўлена градацыя салютаў па катэгорыях:

салюты 1‑й катэгорыі (за вызваленне сталіц саюзных рэспублік, авалоданне сталіцамі іншых дзяржаў, выхад на дзяржаўную граніцу СССР і іншых дзяржаў, у гонар асабліва выдатных падзей) праводзіліся 24 артылерыйскімі залпамі з 324 гармат;

салюты 2‑й катэгорыі (за вызваленне абласных цэнтраў, вялікіх гарадоў, за прарыў вельмі ўмацаванай абароны праціўніка, у гонар фарсіравання рэк і інш.) — 20 артылерыйскімі залпамі з 224 гармат;

салюты 3‑й катэгорыі (за авалоданне вузламі чыгунак і шашэйных дарог, буйнымі населенымі пунктамі, якія мелі аператыўнае значэнне) — 12 артылерыйскімі залпамі з 124 гармат.

У Дзень ІІерамогі над фашысцкай Германіяй 9 мая 1945 г. быў дадзены салют 30 артылерыйскімі залпамі з 1 тыс. гармат, з падсвечваннем прамянямі 160 пражэктараў і пускам ракет. Усяго праведзена 354 пераможныя салюты (35 — у 1943, 166 — у 1944, 153 — у 1945).

У гонар войск, якія вызначыліся пры вызваленні Беларусі ў ходзе восеньска-зімовай кампаніі 1943–1944 гг., было праведзена 5 салютаў. У час аперацыі «Баграціён» (гл. Беларуская аперацыя 1944 г.) дадзена 36 салютаў, у т. л. 24 у гонар войск, што вызначыліся ў баях пры вызваленні Беларусі. Першы салют за вызваленне першага беларускага г. Рэчыца дадзены 18 лістапада 1943 г., за вызваленне першага абласнога цэнтра рэспублікі г. Гомель — 26 лістапада 1943 г., за вызваленне сталіцы Беларусі Мінска — 3 ліпеня 1944 г., г. Брэст — 28 ліпеня 1944 г.

Салюты праводзіліся з наступленнем цямна, пасля зачытвання загаду па радыё, суправаджаліся феерверкам рознакаляровых сігнальных ракет і падсвечваннем зенітнымі пражэктарамі. Для правядзення пераможных салютаў зенітныя батарэі ўстанаўліваліся ў горадзе на спецыяльных салютных кропках так, каб грукат залпаў быў чутны паўсюдна. У перыяд найбольшых поспехаў савецкіх войск салюты праводзіліся па некалькі разоў на дзень (напрыклад, 27.7.1944, 19 і 22 студзеня 1945 было праведзена па 5 салютаў).

Пасля заканчэння вайны традыцыя салютаў захавалася ў выглядзе святочных феерверкаў, якія праводзіліся ў дні агульнадзяржаўных свят па загадзе міністра абароны СССР у Маскве, сталіцах саюзных рэспублік, гарадах-героях, мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» і іншых гарадах.

У Рэспубліцы Беларусь пераможныя салюты праводзяцца ў Дзень Перамогі 9 мая (гл. Свята Перамогі) і ў Дзень Незалежнасці 3 ліпеня (дзень вызвалення Мінска) у Мінску і абласных цэнтрах.