pdf

СЛОНІМСКІЯ ВАЙСКОВЫЯ ЗЛУЧЭННІ І ЧАСЦІ

Дата стварэння: 05.12.2024 11:01:50

Дата змены: 06.03.2025 11:02:07


Сло́німскія вайско́выя злучэ́нні i ча́сці

За вызваленне г. Слонім (10.7.1944) у Вялікую Айчынную вайну ў час наступлення на баранавіцка-брэсцкім напрамку паводле загаду Вярхоўнага галоўнакамандуючага ад 27 ліпеня 1944 г. ганаровае найменне «Слонімскія» атрымалі 11 злучэнняў і часцей 65‑й і 16‑й паветранай армій, 2‑га гвардзейскага танкавага корпуса і конна-механізаванай групы Беларускага фронту 1‑га.

Часці і злучэнні, якім нададзена найменне «Слонімскія»: 199‑я штурмавая авіяцыйная дывізія (палкоўнік М. С. Вінаградаў), 19‑я (палкоўнік У. В. Яршоў) і 35‑я (палкоўнік I. В. Гаўрылаў) механізаваныя брыгады, 30‑ы (падпалкоўнік А. I. Гераськін), 32‑і (маёр А. А. Шахмаеў) і 34‑ы (падпалкоўнік I. I. Жылін) Кубанскія гвардзейскія казацкія кавалерыйскія палкі, 151‑ы асобны танкавы полк (маёр П. I. Бакін), 925‑ы Чырванасцяжны лёгкі самаходны артылерыйскі полк (падпалкоўнік П. С. Ножкін), 181‑ы гвардзейскі армейскі артылерыйска-мінамётны полк (маёр М. Р. Мароз), 9‑ы асобны штурмавы інжынерна-сапёрны батальён (маёр Я. Р. Лісіцкі), 899‑ы карпусны сапёрны батальён (маёр В. М. Белякоў).

Войскам, якія фарсіравалі р. Шчара і вызвалілі Слонім, загадам Вярхоўнага галоўнакамандуючага ад 10 ліпеня 1944 г. абвешчана падзяка, у Маскве дадзены салют 20 артылерыйскімі залпамі з 224 гармат.

У 1968 г. у Слоніме былі пастаўлены помнікі вызваліцелям — танк Т‑34 на п’едэстале і стэла, на якой пералічаны вайсковыя часці і злучэнні, што вызвалялі горад.