ЛУПАЛАЎСКІ ЛАГЕР СМЕРЦІ, Шталаг № 813, у Вялікую Айчынную вайну
pdf

ЛУПАЛАЎСКІ ЛАГЕР СМЕРЦІ

Дата стварэння: 17.12.2024 10:09:10

Дата змены: 04.03.2025 14:39:56


location Google location Yandex

Лупалаўскі лагер смерці


ЛУПАЛАЎСКІ ЛАГЕР СМЕРЦІ, Шталаг № 813, у Вялікую Айчынную вайну

Мемарыяльны комплекс «Подзвіг народа бессмяротны» на месцы Лупалаўскага лагера смерці ў Магілёве.

Лу́палаўскі ла́гер сме́рці, шталаг № 813

Месца масавай загубы савецкіх ваеннапалонных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў паўднёва-ўсходняй частцы г. Магілёў (былое мястэчка Лу́палава) у 1941–1943 гг. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Створаны нямецкім ваенным камандаваннем як лагер ваеннапалонных. Быў некалькі разоў агароджаны калючым дротам, па якім пускалі электрычны ток.

Вязні ўтрымліваліся ў антысанітарных умовах, таму хварэлі на тыф і масава паміралі. Акупанты мучылі іх голадам, катавалі, праводзілі масавыя расстрэлы. За суткі ў лагеры гінула да 250 чалавек, памерлых закопвалі каля баракаў. Да 1943 г. тут было загублена больш за 40 тыс. чалавек.

У 1948 г. на брацкіх могілках вязняў Лупалаўскага лагера і воінаў Чырвонай арміі, якія загінулі ў баях за вызваленне Магілёва, быў пастаўлены помнік, у 1984 г. узведзены мемарыяльны комплекс «Подзвіг народа бессмяротны», запалены Вечны агонь.

У памяць аб загубленых гітлераўцамі вязнях Лупалаўскага лагера смерці названы бульвар Непакорных у Магілёве.