pdf

НАЛІБОЦКІЯ БАІ 1942, 1943 гг.

Дата стварэння: 05.05.2023 12:03:49

Дата змены: 11.09.2024 14:20:24


Налібо́цкія баі́ 1942, 1943 гг.

Баі паміж партызанскай брыгадай імя I. В. Сталіна і нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў в. Налібакі (Налібокі) Івянецкага раёна 9 чэрвеня 1942 г. і 8 мая 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Партызанскі атрад 125 ы (камандзір С. А. Рыжак) 9 чэрвеня 1942 г. пасля разгрому паліцэйскага ўчастка ў Налібаках уступіў у бой з карнікамі, якія вярталіся з в. Рубяжэвічы. У выніку 2 гадзіннага бою ў Налібаках партызаны знішчылі і ўзялі ў палон 25 гітлераўцаў, спалілі валасную ўправу, магазін, паліцэйскія сталовую і пякарню, 3 грузавыя аўтамашыны, захапілі 3 ручныя кулямёты, 30 вінтовак, 13 пісталетаў, 3 аўтаматы, вялікую колькасць патронаў, грузавую і легкавую аўтамашыны.

Нямецка-фашысцкі гарнізон у Налібаках у ноч на 8 мая 1943 г. быў разгромлены партызанскімі атрадамі імя Ф. Э. Дзяржынскага, імя А. В. Суворава і «Бальшавік» партызанскай брыгады імя І. В. Сталіна. Агульнае кіраўніцтва аперацыяй па разгроме гарнізона ажыццяўлялі камандзір брыгады П. I. Гулевіч, камісар А. Г. Мурашоў і прадстаўнік Івянецкага падпольнага міжрайпартцэнтра Р. Л. Васілевіч.

Паводле плана, які быў распрацаваны камандаваннем партызанскай брыгады, атрад «Бальшавік» наступаў на гарнізон з паўночнага ўсходу, атрад імя Ф. Э. Дзяржынскага — з паўднёвага ўсходу, астатнія партызаны зрабілі засады на шляхах магчымага адыходу праціўніка: на паўднёвым усходзе ад в. Тарасава і на паўднёвым захадзе ад Налібак.

Пасля артылерыйска-мінамётнага абстрэлу партызаны атакавалі гарнізон (каля 250 гітлераўцаў). У выніку 2 гадзіннага бою была знішчана значная колькасць жывой сілы праціўніка, захоплены 4 станковыя кулямёты і 13 ручных кулямётаў, 3 мінамёты, 10 аўтаматаў, 93 вінтоўкі і больш за 20 тыс. патронаў. Партызаны спалілі электрастанцыю, лесазавод, казарму і ўсе ўстановы акупантаў. Страты партызан: 6 забітых і 6 параненых.