ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА «САВЕЦКАЯ БЕЛАРУСЬ», Брэсцкай і Пінскай абласцей, камандзір М. У. Бабкоў
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА «САВЕЦКАЯ БЕЛАРУСЬ»

Дата стварэння: 05.05.2023 12:05:50

Дата змены: 15.05.2025 15:21:54


Партыза́нская брыга́да «Саве́цкая Белару́сь»

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Косаўскага, Ружанскага, Пружанскага, Камянецкага, Гайнаўскага, Поразаўскага, Бярозаўскага раёнаў Брэсцкай вобласці і Драгічынскага раёна Пінскай вобласці.

Створана ў жніўні 1943 г. загадам па Брэсцкім партызанскім злучэнні на базе атрадаў імя А. В. Суворава (утвораны ў красавіку 1943 з партызанскай групы, арганізаванай у лютым 1942, да чэрвеня 1943 дзейнічаў самастойна), імя Дзмітрыя Пажарскага (арганізаваны ў ліпені 1943, з красавіка 1944 імя А. І. Калупаева — камандзіра атрада, які загінуў у сакавіку 1944) і імя В. П. Чкалава (арганізаваны ў сакавіку 1943, да чэрвеня 1943 дзейнічаў самастойна), вылучаных з партызанскай брыгады імя П. К. Панамарэнкі Брэсцкай вобласці.

Асноўныя ўдары партызаны наносілі на чыгуначных участках Брэст — Баранавічы, Ваўкавыск — Масты, Брэст — Пінск. У верасні — снежні 1943 г. знішчылі і пашкодзілі больш за 60 аўтамашын, падарвалі 21 эшалон ворага, каля 750 рэек, 12 мастоў на чыгунках і шашэйных дарогах. Атрад імя А. В. Суворава знішчыў 26 км тэлефонна-тэлеграфнай лініі ўздоўж шашы Брэст — Мінск. У чэрвені 1944 г. брыгада зрабіла баявы рэйд з Бярозаўскага ў Кобрынскі раён, авалодала чыгуначным участкам Кобрын — Гарадзец і падарвала больш за 300 рэек. Брыгада паўгода блакіравала дарогу Драгічын — Бяроза, у красавіку 1944 г. удзельнічала ў Здзітаўскай абароне 1944 г.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 12–17 ліпеня 1944 г., на той час уключала атрады імя В. П. Чкалава, імя А. В. Суворава, імя А. І. Калупаева агульнай колькасцю 863 партызаны.

Камандзір брыгады М. У. Бабкоў, камісар П. I. Мосалаў, начальнік штаба Р. К. Дарафееў.

У гонар брыгады ў г. п. Драгічын у 1965 г. была ўстаноўлена мемарыяльная дошка.