ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ М. Ф. ГАСТЭЛЫ, Вілейскай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ М. Ф. ГАСТЭЛЫ

Дата стварэння: 05.05.2023 12:06:41

Дата змены: 11.09.2024 14:52:01

Партыза́нская брыга́да імя́ М. Ф. Гастэ́лы

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Шаркаўшчынскага, Пастаўскага, Ашмянскага, Смаргонскага, Астравецкага раёнаў Вілейскай вобласці.

Створана ў верасні 1943 г. на базе атрадаў: С. А. Кальцова (пазней імя К. С. Заслонава, арганізаваны ў лютым 1943), А. С. Арлоўскага (пазней імя А. В. Бачкова, кулямётчык А. В. Бачкоў загінуў у баі ў жніўні 1943; атрад арганізаваны ў жніўні 1943) і імя М. А. Шчорса (арганізаваны ў жніўні 1943 у партызанскай брыгадзе «Народныя мсціўцы» імя В. Т. Варанянскага). У снежні 1943 г. арганізаваны каменданцкі атрад (у лютым 1944 пераўтвораны ў атрад «За Савецкую Радзіму»).

Партызаны атрада С. А. Кальцова ў маі 1943 г. вялі баі з карнікамі каля в. Ласіца Дунілавіцкага раёна. У ноч на 5 жніўня 1943 г. на чыгуначным участку Гудагай — Смаргонь падарвалі больш за 670 рэек.

Партызаны брыгады праводзілі аперацыі на чыгуначных участках Даўгаўпілс — Вільнюс, Полацк — Маладзечна, Маладзечна — Вільнюс, Шаркаўшчына — Швенчоніс — Вільнюс. У верасні правялі шэраг засадных баёў, захапілі вялікія трафеі, каля в. Варапаева знішчылі «мабілізацыйную» камісію, якая адпраўляла моладзь на катаргу ў Германію.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 8 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя К. С. Заслонава, імя А. В. Бачкова, імя М. А. Шчорса, «За Савецкую Радзіму», у якіх змагаліся 364 партызаны.

Камандзір брыгады В. А. Манохін; камісары: В. Ф. Папок, У. I. Тубеліс; начальнікі штаба: С. П. Краеў, Д. А. Ануфрыеў.