Дата стварэння: 05.05.2023 12:07:24
Дата змены: 15.05.2025 15:21:55
Партыза́нская брыга́да імя́ I. В. Ста́ліна
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Жабінкаўскага, Кобрынскага, Брэсцкага, Дзівінскага і Маларыцкага раёнаў Брэсцкай вобласці.
Створана ў ліпені 1943 г. на базе атрадаў імя М. М. Чарнака (арганізаваны ў чэрвені 1941, да мая 1943 называўся «Старасельскі», перайменаваны ў гонар намесніка камандзіра атрада па разведцы М. М. Чарнака) і імя К. Я. Варашылава, у працэсе фарміравання ў брыгадзе арганізаваны атрады імя М. В. Фрунзэ і імя Г. К. Жукава. У красавіку — маі 1944 г. у складзе брыгады дзейнічаў атрад М. I. Каліева, які быў уліты ў атрад імя М. М. Чарнака. Атрады імя К. Я. Варашылава і імя Г. К. Жукава, якія дзейнічалі ў складзе брыгады, у красавіку 1944 г. перададзены для фарміравання партызанскай брыгады імя У. I. Леніна Брэсцкай вобласці.
Партызаны Старасельскага атрада ў маі 1942 г. разграмілі варожы гарнізон у в. Велікарыта Маларыцкага раёна, захапілі турму і вызвалілі зняволеных савецкіх грамадзян. У жніўні 1942 г. знішчылі 25 сельскагаспадарчых маёнткаў акупантаў.
У 1943 г. партызаны брыгады ўдзельнічалі ў разгроме варожых апорных пунктаў у раённых цэнтрах Шацк (Валынская вобласць, Украіна) і Дамачава (Брэсцкая вобласць), наносілі ўдары па чыгуначных участках Брэст — Ковель, Брэст — Уладава. У кастрычніку — лістападзе 1943 г. разграмілі чыгуначную станцыю Дамачава. У студзені 1944 г. здзейснілі больш за 80 дыверсій на чыгунках і шашэйных дарогах, падарвалі шмат эшалонаў, мастоў, аўтамашын.
Брыгада паатрадна злучылася з Чырвонай арміяй 22 сакавіка 1944 г., на той момант уключала атрады імя М. М. Чарнака, імя М. В. Фрунзэ, у якіх змагаліся 1 063 партызаны.
Пасля выхаду ў савецкі тыл брыгада была ўключана ў баявыя парадкі 160‑й стралковай дывізіі, трымала абарону ў Любяшоўскім раёне (Валынская вобласць, Украіна) і Дзівінскім раёне, прыкрывала пераправу цераз р. Прыпяць і правы фланг дывізіі каля в. Радастава.
Атрады брыгады былі адведзены ў тыл, рэарганізаваны. Атрад імя М. М. Чарнака быў накіраваны ў тыл ворага 15 мая, атрад імя М. В. Фрунзэ — 25 мая 1944 г., дзейнічалі самастойна. Другі раз злучыліся з Чырвонай арміяй 21 ліпеня 1944 г.
Камандзіры брыгады: Л. П. Зяленін (загінуў), С. X. Арзуманян; камісар К. А. Шкаварада; начальнік штаба С. М. Кіцьян.