pdf

ХАЦЕНЧЫЦКІ БОЙ 1943 г.

Дата стварэння: 18.02.2025 10:18:38

Дата змены: 27.02.2025 16:10:27


Хаце́нчыцкі бой 1943 г.

Бой 23 чэрвеня 1943 г. паміж партызанскай брыгадай імя М. В. Фрунзэ і нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў в. Хаценчыцы Ільянскага раёна (цяпер Вілейскага раёна Мінскай вобласці).

Гарнізон у в. Хаценчыцы быў адным з галоўных апорных пунктаў у сістэме абароны акупантаў ад партызан. Ён глыбока ўклініўся ў партызанскую зону і перакрыў подступы да чыгуначных участкаў Мінск — Маладзечна і Маладзечна — Крулеўшчына, прыкрываў сабою гарнізоны праціўніка ў бліжэйшых населеных пунктах І́лья, Вязынь, Краснае, Раёўка. Гарнізон налічваў каля 100 гітлераўцаў, узброеных 45‑мм гарматай, 2 мінамётамі, 12 кулямётамі, быў умацаваны загародамі з калючага дроту, палосамі траншэй і пяццю дзотамі з кругавым абстрэлам; размяшчаўся на ўзгорку і быў прыстасаваны для вядзення кругавой абароны. Аперацыя па разгроме гарнізона рыхтавалася паводле загаду камандавання брыгады, план бою распрацаваны начальнікам штаба брыгады капітанам А. Д. Коўбіем. Сілы партызанскай брыгады (480 байцоў) былі падзелены на 4 групы: ударную, групы для стрымлівання, прыкрыцця і засады (на шляхах у вёскі Ілья і Раёўка).

Пасля дакладнай разведкі асноўныя сілы брыгады 23 чэрвеня да 20 гадзін вечара скрытна сканцэнтраваліся ў лесе на паўднёвым захадзе ад в. Панышы́ (3–4 км на поўдзень ад в. Хаценчыцы). Перад пачаткам баявых дзеянняў партызанская разведка паведаміла, што частка гітлераўцаў з Хаценчыцкага гарнізона 22 чэрвеня 1943 г. зрабіла напад на хутар Пляшчаны Ільянскага раёна, дзе спаліла дамы і расстраляла старых, жанчын і дзяцей. Скоўваючая група, якая стрымлівала ворага, нанесла ўдар з паўднёва-заходняга боку в. Хаценчыцы, штурмавая на чале з камандзірам атрада імя К. Я. Варашылава лейтэнантам Э. Л. Смаленскім, яго намеснікам лейтэнантам П. I. Карабіцыным і А. Д. Коўбіем спыніла агонь гарматы і пяці дзотаў, адзін з якіх упарта супраціўляўся. Агульнымі намаганнямі партызан дзот быў знішчаны, гарнізон ушчэнт разбіты. Уся зброя і боепрыпасы праціўніка перайшлі ў рукі партызан. Разгром гарнізона ў Хаценчыцах дазволіў на 120 км расчысціць раён дзеянняў партызанскай брыгады, пазбавіў насельніцтва ад пастаянных карных і грабежніцкіх акцый гітлераўцаў. Гарнізон у Хаценчыцах акупанты не змаглі аднавіць.