Дата стварэння: 09.10.2024 09:59:44
Дата змены: 03.12.2024 09:46:21
Аддзел Дзеразападобныя Lycopodiophyta D. H. Scott |
Клас Дзеразападобныя Lycopodiopsida Bartl. |
Сямейства Баранцовыя Huperziaceae Rothm. |
Род Баранец Huperzia Bernh. |
Баране́ц (Huperzia Bernh.), род вышэйшых споравых раслін сямейства Баранцовыя.
Вядома 30–75 відаў, распаўсюджаных пераважна ва ўмераных і субтрапічных рэгіёнах Паўночнага паўшар’я з адносна невялікай колькасцю відаў у тропіках і Паўднёвым паўшар’і.
У Беларусі не менш як два-тры блізкія віды, якія часта аб’ядноўваюцца ў адзін паліморфны зборны від — баранец звычайны [Huperzia selago (L.) Bernh. ex Schrank et C. Mart. s.l.]. Уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь (1–4 выданні).
Расце пераважна ў стараўзроставых сырых яловых, шыракаліста-яловых, радзей шыракаліста-чорнаальховых, асінавых і чорнаальховых лясах.
Шматгадовыя вечназялёныя наземныя расліны з узбежнымі пры аснове густа аблісценымі, ізатомна галінаванымі парасткамі. Лісце спіральна размешчанае, даволі жорсткае, вузкаланцэтнае, суцэльнакраёвае або зубчастае. Спарангіі пупышкападобныя, пазушныя, на кароткіх ножках, размешчаны па адным у пазухах лісця спараноснай зоны парасткаў і не прымацаваны да спарафілаў. Стробілаў няма, над спараноснай часткай парасткаў працягваецца іх вегетатыўная частка з лісцем без спарангіяў. У пазухах верхняга лісця развіваюцца вывадкавыя пупышкі, рэдка (у некаторых відаў комплексу баранец звычайны) яны адсутнічаюць або нешматлікія. Споры драбнаямістыя; ва ўмовах Беларусі спараносіць у другой палове лета. Гаметафіты цыліндрычнай або рэменепадобнай формы, мікагетэратрофныя падземныя або напаўпадземныя з верхняй зялёнай фотасінтэзуючай часткай, якая выступае на паверхню глебы.
Ядавіты. Змяшчае алкалоіды; адвар наземных частак шэрагу відаў мае моцнае рвотнае дзеянне і да нядаўняга часу прымяняўся ў медыцыне для лячэння хворых на хранічны алкагалізм.