БАРАНЕЦ, род вышэйшых споравых раслін сямейства Баранцовыя
pdf

БАРАНЕЦ

Дата стварэння: 09.10.2024 09:59:44

Дата змены: 22.10.2025 09:46:43


Баране́ц (Huperzia Bernh.), род вышэйшых споравых раслін сямейства Баранцовыя.

Вядома 30–75 відаў, распаўсюджаных пераважна ва ўмераных і субтрапічных рэгіёнах Паўночнага паўшар’я з адносна невялікай колькасцю відаў у тропіках і Паўднёвым паўшар’і.

У Беларусі не менш як два-тры блізкія віды, якія часта аб’ядноўваюцца ў адзін паліморфны зборны від — баранец звычайны [Huperzia selago (L.) Bernh. ex Schrank et C. Mart. s.l.]. Уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь (1–4 выданні).

Расце пераважна ў стараўзроставых сырых яловых, шыракаліста-яловых, радзей шыракаліста-чорнаальховых, асінавых і чорнаальховых лясах.

Шматгадовыя вечназялёныя наземныя расліны з узбежнымі пры аснове густа аблісценымі, ізатомна галінаванымі парасткамі. Лісце спіральна размешчанае, даволі жорсткае, вузкаланцэтнае, суцэльнакраёвае або зубчастае. Спарангіі пупышкападобныя, пазушныя, на кароткіх ножках, размешчаны па адным у пазухах лісця спараноснай зоны парасткаў і не прымацаваны да спарафілаў. Стробілаў няма, над спараноснай часткай парасткаў працягваецца іх вегетатыўная частка з лісцем без спарангіяў. У пазухах верхняга лісця развіваюцца вывадкавыя пупышкі, рэдка (у некаторых відаў комплексу баранец звычайны) яны адсутнічаюць або нешматлікія. Споры драбнаямістыя; ва ўмовах Беларусі спараносіць у другой палове лета. Гаметафіты цыліндрычнай або рэменепадобнай формы, мікагетэратрофныя падземныя або напаўпадземныя з верхняй зялёнай фотасінтэзуючай часткай, якая выступае на паверхню глебы.

Ядавіты. Змяшчае алкалоіды; адвар наземных частак шэрагу відаў мае моцнае рвотнае дзеянне і да нядаўняга часу прымяняўся ў медыцыне для лячэння хворых на хранічны алкагалізм.


Літаратура
  1. Красная книга Республики Беларусь. Растения / Редкол.: С. М. Масляк (председатель) [и др.]. – Минск: Издательство «Беларусь», 2025.

  2. Флора Беларуси. Сосудистые растения: в 6 т. Т. 1 / под общ. ред. В. И. Парфенова. – Минск: Беларуская навука, 2009.

  3. Конспект флоры Восточной Европы: в 4 т. Т. 1 / В. В. Бялт [и др.]; под ред. Н. Н. Цвелева. – Москва: Товарищество научных изданий КМК, 2012.

  4. Шимко И. И. Дополнения к списку видов высших сосудистых растений Белорусского Поозерья / И. И. Шимко, М. А. Джус // Биологическое разнообразие Белорусского Поозерья: монография / под ред. Л. М. Мержвиновского. – Витебск: УО ВГУ им. П. М. Машерова, 2011.

  5. Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 1: Ааліты — Гасцінец / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1983.

  6. Природа Беларуси: энциклопедия: в 3 т. Т. 3: Растения, грибы, животные / Редкол.: В. Ю. Александров [и др.]. – Минск: Белорусская Энциклопедия имени Петруся Бровки, 2014.

  7. Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1996.

  8. Республика Беларусь: энциклопедия: в 6 (7) т. Т. 2: А — Герань / Редкол.: Г. П. Пашков (глав. ред.) [и др.]. – Минск: Белорусская Энциклопедия имени Петруся Бровки, 2006.