ЛІСТОЎНІЦА, род голанасенных хвойных раслін сямейства Хваёвыя
pdf

ЛІСТОЎНІЦА

Дата стварэння: 09.10.2024 10:00:21

Дата змены: 22.10.2025 09:46:43


Лісто́ўніца (Larix Mill.), род голанасенных хвойных раслін сямейства Хваёвыя.

Налічвае 10–15 відаў, вельмі шырока распаўсюджаных у халодных і ўмераных абласцях Еўразіі і Паўночнай Амерыкі. Многія віды з’яўляюцца важнейшымі лесаўтваральнымі пародамі.

У Беларусі дзікарослыя прадстаўнікі цяпер адсутнічаюць. Інтрадукавана каля 10 відаў і гібрыдаў. У лясных насаджэннях і населеных пунктах часцей вырошчваюцца лістоўніца еўрапейская (Larix decidua Mill.) і лістоўніца сібірская (Larix sibirica Ledeb.).

Хвойныя лістападныя аднадомныя дрэвы вышынёй 35–50 м, дыяметрам ствала да 1 м. Жывуць да 450 і больш гадоў, у аптымальных умовах да 950 гадоў. Каранёвая сістэма моцна разгалінаваная, глыбокая, са стрыжнёвым коранем. Ствол прамы, поўнадраўняны. Драўніна з вялікім чырванаватым ядром і вузкай светлай абалонай, цвёрдая, высокатрывалая, устойлівая да гніення. Крона конусападобная або цыліндрычная. Парасткі падоўжаныя і ўкарочаныя. Лісце (ігліца) мяккае, плоскае, на падоўжаных парастках размяшчаецца спіральна, на ўкарочаных — пучкамі па 20–40 шт. Лісце распускаецца рана вясной, перад восеньскім лістападам жоўкне і ападае. Мужчынскія і жаночыя шышкі з’яўляюцца адначасова з ігліцай. Пыленне ў сакавіку — красавіку. Мужчынскія шышкі дробныя, 5–8 мм у дыяметры, авальныя або шарападобныя, жаўтаватыя, размешчаны на ўкарочаных парастках. Пылок без паветраных мяшкоў. Жаночыя шышкі акруглыя або прадаўгаватыя, ад 1 да 10 см даўжынёй, маладыя — чырванаватыя, ружовыя, зялёныя, спелыя — бурыя, прамастаячыя, спеюць восенню ў год апылення. Пасля выспявання застаюцца на дрэве 2–4 гады і ападаюць цалкам. Насенне дробнае, крылатае.

Малапатрабавальная да ўрадлівасці і вільготнасці глебы, святлалюбная, марозаўстойлівая. Адчувальная да забруджвання, але ў параўнанні з іншымі хваёвымі лепш вытрымлівае гарадскія ўмовы.

Драўніна выкарыстоўваецца для падводных збудаванняў (г. Венецыя ў Італіі стаіць на лістоўнічных па́лях), у караблебудаванні, для вырабу паркету, мэблі і інш. Пры падсочцы ствол дае каштоўную жывіцу (тэрпенцін), з якой атрымліваюць шкіпінар і каніфоль. Шырока прымяняецца ў дэкаратыўным азеляненні і ахоўным лесаразвядзенні.


Літаратура
  1. Флора Беларуси. Сосудистые растения: в 6 т. Т. 1 / под общ. ред. В. И. Парфенова. – Минск: Беларуская навука, 2009.

  2. Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 3: Катэнарыя — Недайка / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1984.

  3. Природа Беларуси: энциклопедия: в 3 т. Т. 3: Растения, грибы, животные / Редкол.: В. Ю. Александров [и др.]. – Минск: Белорусская Энциклопедия имени Петруся Бровки, 2014.

  4. Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1999.

  5. Республика Беларусь: энциклопедия: в 6 (7) т. Т. 4: Картография — Миноговые / Редкол.: Г. П. Пашков (глав. ред.) [и др.]. – Минск: Белорусская Энциклопедия имени Петруся Бровки, 2007.