Дата стварэння: 14.10.2024 10:28:56
Дата змены: 03.02.2026 09:01:35
Красаві́к (ад слова «краскі» — кветкі)
Чацвёрты месяц каляндарнага года (30 сутак), сярэдзіна вясны. Руская назва «апрель» (лац. aprilis).
Красавік характарызуецца інтэнсіўным прытокам цяпла, поўным сходам снегавога покрыва, ускрыццём рэк. Сярэдняя месячная тэмпература (кліматычная норма) у параўнанні з сакавіком павышаецца на 7–8 °С і складае ад 4,4 °С у раёне Нарачанскай раўніны да 7,3 °С на паўднёвым захадзе ў раёне Брэсцкага Палесся.
У асобныя гады тэмпература паветра можа адхіляцца ад нормы. Так, красавік быў цяплейшы на 3–5 °С у 1950, 1983, 1999, 2000, 2001, 2008 гг. і халаднейшы на 2–3 °С у 1954, 1955, 1958, 1981, 1987 гг. Самы цёплы красавік у Беларусі зафіксаваны ў 2000 г., калі сярэднямесячная тэмпература паветра дасягнула 10,9 °С (кліматычная норма 5,8 °С), самы халодны — у 1955 г. з сярэднямесячнай тэмпературай 2,5 °С.
Сярэдняя сутачная тэмпература паветра ў 1‑й палове месяца пераходзіць праз 5 °С у бок павышэння, у Брэсцкай і Гомельскай абласцях 27–30 красавіка — праз 10 °С.
Днём паветра праграваецца ад 9 °С на поўначы і паўночным усходзе да 12,6 °С на паўднёвым захадзе. Тэмпература паветра ноччу складае ў сярэднім ад 0 °С на поўначы да 3,2 °С на паўднёвым захадзе. Абсалютны максімум тэмпературы паветра 30,7 °С зарэгістраваны ў горадзе Брэст 22 красавіка 1950 г. Абсалютны мінімум (−20,8 °С) адзначаны ноччу на метэаралагічных станцыях Езярышча 5 красавіка 1956 г. і Слаўнае 1 красавіка 1944 г.
Сярэдняя працягласць сонечнага ззяння за месяц 165–182 гадз.
Замаразкі звычайна спыняюцца па поўдні рэспублікі ў 3‑й дэкадзе красавіка, у цэнтральных і паўночных раёнах — у маі.
Абсалютны максімум атмасфернага ціску назіраўся на ўзроўні метэастанцыі 16 красавіка 2003 г. у горадзе Верхнядзвінск (Віцебская вобласць) — 1021,6 гПа (766 мм рт. сл.) пры норме 997,7 гПа (748 мм рт. сл.). Абсалютны мінімум зарэгістраваны 11 красавіка 1997 г. на метэастанцыі Навагрудак — 944,6 гПа (708 мм рт. сл.) пры норме 980,1 гПа (735 мм рт. сл.).
У красавіку звычайна выпадае 40–50 мм атмасферных ападкаў (кліматычная норма). Год ад году колькасць ападкаў можа вагацца ад 0–10 да 76–168 мм. У сярэднім у красавіку назіраецца 10–14 дзён з ападкамі. Найбольшая колькасць ападкаў па рэспубліцы ў красавіку выпала ў 1975 г. — 83 мм (норма 44 мм), найменшая ў 1974 г. — усяго 9 мм. У 1905 г. у горадзе Васілевічы (Гомельская вобласць) зафіксавана максімальная колькасць ападкаў — 168 мм пры кліматычнай норме для дадзенага пункта 49 мм; мінімальная адзначана ў 2005 г. у горадзе Ваўкавыск (Гродзенская вобласць) — 0,5 мм (каля 1 % нормы). Максімальная колькасць ападкаў за суткі выпала 23 красавіка 1963 г. у горадзе Баранавічы (Брэсцкая вобласць) — 66 мм (153 % месячнай нормы па дадзенай метэастанцыі).
У красавіку з туманамі бывае ў сярэднім ад 2 да 4 дзён, у асобныя гады да 7–12, з навальніцай — 1 дзень, часам 5–7. Найбольшая колькасць дзён з навальніцай (7) зафіксавана на метэастанцыях Верхнядзвінск і Шаркаўшчына (1950), Лельчыцы (1961), Беразіно (1968), Пружаны (1983).
Максімальная колькасць дзён з туманам (20, пры сярэдняй — 6) назіралася ў красавіку ў 1971 г. у горадзе Навагрудак (Гродзенская вобласць). Найбольшая працягласць туманаў (193 гадз) таксама адзначана ў Навагрудку ў 1964 г.
Найбольшы парыў ветру (40 м/с) зарэгістраваны 18 красавіка 1967 г. на метэастанцыі Докшыцы.