Дата стварэння: 11.06.2025 15:17:28
Дата змены: 09.02.2026 11:16:46
Со́нечнае ззя́нне
Асветленасць зямной паверхні прамымі праменямі Сонца.
Вызначаецца па часе на працягу сутак, месяца, года (сярэдні шматгадовы паказчык), калі Сонца ў дадзенай мясцовасці знаходзіцца над гарызонтам і не схавана па-за шчыльнымі воблакамі, туманам, імглой і інш.
Выражаецца ў гадзінах або ў працэнтах ад найбольшай магчымай велічыні, г. зн. ад працягласці дзённага часу сутак за гэты перыяд. Працягласць сонечнага ззяння вымяраецца геліёграфам універсальным (ГУ‑1), які ўсталёўваецца на метэапляцоўцы на вышыні 2 м над паверхняй зямлі на адкрытым месцы.
Для тэрыторыі Беларусі сярэдняя шматгадовая працягласць сонечнага ззяння за год вагаецца ад 1740 да 1900 гадз, або каля 40 % ад найбольшай магчымай (4495 ± 10 гадз). Працягласць сонечнага ззяння мае выразны сезонны характар: у зімовыя месяцы — 10–20 % ад найбольшай магчымай, у цёплы перыяд (май — жнівень) — 50–60 %; максімальная ў чэрвені (ад 265 гадз на захадзе да 290 гадз на ўсходзе), мінімальная ў снежні (ад 25 гадз на поўначы да 35 гадз на паўднёвым усходзе), што звязана не толькі з найвялікшай і найменшай працягласцю светлага часу у гэтыя месяцы, але і з мінімумам і максімумам воблачнасці. У летнія месяцы без сонца бывае ў сярэднім па адным дні (у сонечныя дні яно свеціць па 8–10 гадз), у зімовыя — па 20 і больш дзён (у астатнія месяцы сонца свеціць па 3 гадз).