ТУМАН, скопішча каля зямной паверхні завіслых у паветры дробных кропель вады ці крышталёў лёду
pdf

ТУМАН

Дата стварэння: 14.10.2024 10:32:41

Дата змены: 23.03.2026 14:46:55


Тума́н

Скопішча каля зямной паверхні завіслых у паветры дробных кропель вады або крышталёў лёду, якое пагаршае гарызантальную бачнасць да 1 км. Туман — воблака каля зямлі, утвараецца з перанасычанай пары ў выніку кандэнсацыі. Пры дадатных тэмпературах туман складаецца з кропель, пры адмоўных (10 °С і ніжэй) у ім з’яўляюцца крышталікі, пры вельмі нізкіх можа быць цалкам крышталічным. Слабое памутненне паветра пры гарызантальнай бачнасці больш за 1 км называецца смугой.

Паводле ўмоў утварэння вылучаюць туманы: адвектыўныя (утвараюцца з-за ахаладжэння цёплага вільготнага паветра над больш халоднай паверхняй сушы, характэрныя для ўзвышшаў, ахопліваюць значныя тэрыторыі) і радыяцыйныя, ці мясцовыя (з’яўляюцца часцей у цёплы перыяд, у нізінах, у выніку начнога ахалоджвання паветра ў прыземным слоі, маюць лакальны характар). Узнікаюць звычайна пры тэмпературы паветра, блізкай да 0 °С, і малой хуткасці ветру (1–5 м/с). Адвектыўныя туманы больш густыя і працяглыя, чым туманы мясцовага ўтварэння, якія звычайна рассейваюцца з усходам Сонца. У вялікіх прамысловых цэнтрах утрыманне ў паветры ядзер кандэнсацыі, прытым буйных, рэзка павышана, таму паўтаральнасць і шчыльнасць туманаў у такіх гарадах большая, чым за горадам. У залежнасці ад гарызантальнай далёкасці бачнасці адрозніваюць туман моцны (бачнасць 50 м і менш), умераны (менш за 500 м) і слабы (ад 500 да 1000 м).

У Беларусі сярэдняя колькасць дзён з туманам за год вагаецца ад 35 да 100, максімум — 140 дзён (1964, г. Навагрудак). У халодны перыяд (кастрычнік — сакавік) рэгіструецца 60–80 % дзён з туманам за год. Найбольшая колькасць дзён з туманам адзначаецца ў лістападзе — снежні (у сярэднім да 9–13 дзён на ўзвышшах і да 4–8 дзён на нізінах і раўнінах). У асобныя гады іх колькасць на Навагрудскім узвышшы складае 25–26 дзён (лістапад 1958–1960), на Мінскім — 20–21 дзень (лістапад 1986, снежань 1960). Менш за ўсё дзён з туманам у маі — ліпені (1–2, максімум 9–12 дзён). Працягласць туману ў сярэднім вагаецца ад 140 да 850 гадз у год, максімум — 982 гадз (1959, Навагрудак). Безупынная працягласць большасці туманаў у цёплы перыяд, як правіла, не перавышае 6 гадз, у халодную пару — каля 10 гадз, у асобных выпадках яны могуць доўжыцца некалькі сутак запар. Так, у Навагрудку з 29 лістапада па 4 снежня 1959 г. зарэгістраваны туман працягласцю 105 гадз, у Мінску з 19 па 22 снежня 1958 г. — 3,5 сутак, з 25 па 27 студзеня 1971 г. — 79 гадз.

Туман — адна з небяспечных метэаралагічных з’яў, што ўскладняюць работу транспарту. У тумане адлегласць да прадметаў, як нерухомых, так і рухомых, здаецца большай, чым на самай справе. Туман таксама змяняе ўспрыманне ўсіх колераў, акрамя чырвонага (жоўты здаецца чырванаватым, зялёны — жаўтаватым). Асаблівую небяспеку нясуць моцныя туманы з бачнасцю менш за 50 м. Яны назіраюцца не так часта, у асобным пункце раз у 2–3 гады. Сярэдняя працягласць моцных туманаў — 2,5 гадз, у асобных выпадках — 20–22 гадз.

Асабліва небяспечны туман з бачнасцю менш за 50 м быў зарэгістраваны ў Баранавічах у пачатку лістапада 1984 г. (41 гадз).

Туман павялічвае імавернасць дарожна-транспартных здарэнняў, стварае цяжкасці ў правядзенні сельскагаспадарчых работ, садзейнічае развіццю грыбковых хвароб сельскагаспадарчых культур, негатыўна ўплывае на здароўе людзей.